Торжества в Шумилинском районе по случаю Года молодёжи

Актуалии

Урачысты пачатак Года моладзі
На мінулым тыдні на базе Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу ў аграгарадку Мікіціха прайшоў выязны раённы семінар. На мерапрыемства былі запрошаны старшыні і кіраўнікі спраў сельскіх выканаўчых камітэтаў, начальнікі аддзелаў райвыканкама, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце арганізацый і прадпрыемстваў раёна, маладыя асобы, якія ўключаны ў перспектыўны кадравы рэзерв райвыканкама, работнікі ўстаноў культуры раёна.
Па сутнасці раённы семінар стаў афіцыйным урачыстым пачаткам Года моладзі, аб’яўленага кіраўніком дзяржавы на 2015 год.
У фае цэнтра культуры і вольнага часу ўдзельнікаў семінара чакалі выставы.  Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей у рамках праекта “Мікіціхінская глыбінка” прапанаваў выставу “Эстафету бацькоў прыміце дастойна”, дзе былі прадстаўлены фотаілюстрацыі пра вядомых мікіціхінцаў і жыхароў Лаўжаншчыны, якія сваёй плённай і самадданай працай і сумленным жыццём праслаўляюць сваю маленькую радзіму.
“Творчасць юных” – так назваў сваю выставу Шумілінскі Дом рамёстваў, у якой прапанаваў прысутным палюбавацца на работы таленавітых маладых майстроў. Запрасіў на сваю выставу і раённы цэнтр дзяцей і моладзі.
У глядзельнай зале перад пачаткам непасрэдна тэарэтычнай часткі ўдзельнікам семінара быў прадэманстраваны фільм “Праваслаўныя храмы Шуміліншчыны”.
З пытаннем “Аб асаблівасцях рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь” выступіла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладдзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. Валянціна Георгіеўна спынілася на тых асноўных дакументах, якія рэгламентуюць работу з моладдзю, акрэсліла асноўныя напрамкі і задачы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі як у цэлым у рэспубліцы, так і канкрэтна ў раёне.
“Моладзь Беларусі. Традыцыі і будучае” – такую назву мела выступленне першага сакратара РК ГА БРСМ А. Ю. Хмарына, у якім маладзёжны лідар больш падрабязна  расказаў пра 42-гі з’езд моладзі, што прайшоў напрыканцы мінулага года ў Мінску з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Закончылася выступленне  ўрачыстым уручэннем членскіх білетаў ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” 20 старшакласнікам Мікіціхінскай і Обальскай СШ, Лаўжанскай д/с-БШ.
Аб арганізацыі работы з маладымі спецыялістамі ў раёне азнаёміла прысутных в. а. начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Г. А. Каралёва. “Хочацца адзначыць, – падкрэсліла Галіна Анатольеўна, – што ў нашым раёне шмат перспектыўнай моладзі. Той факт, што 22 маладыя спецыялісты ва ўзросце да 31 года стаяць у рэзерве кіраўніцкіх кадраў, сведчыць пра высокі давер, а таксама патэнцыял і магчымасці маладых людзей.  Гэта дае шанс прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы, уносіць свой непасрэдны ўклад у развіццё эканомікі Шуміліншчыны”. Г. А. Каралёва дала шмат практычных слушных парад, як павінна быць арганізавана работа з моладдзю на кожным прадпрыемстве.
Вопытам работы па арганізацыі прафарынтацыйнай работы з вучнямі і замацаванні моладдзі на маленькай радзіме падзялілася намеснік дырэктара Мікіціхінскай СШ А. В. Скрыпкіна.
Закончылася тэарэтычная частка семінара выступленнем галоўнага юрысконсульта раённай падатковай інспекцыі В. А. Шчамялёва, які падрабязна расказаў пра парадак запаўнення і праверкі дэкларацый аб даходах і маёмасці. Дэкларацыі, падкрэсліў спецыяліст, у абавязковым парадку падаюць дзяржслужачыя і іншыя абавязаныя асобы.
Закончыўся семінар паказальным мерапрыемствам – забаўляльнай праграмай “Каханне з першага позірку”, галоўнымі ўдзельнікамі якой сталі маладыя хлопцы і дзяўчаты з Обалі і Мікіціхі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 9 ад 03.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *