23 июня 1944 года в Шумилино над зданием вокзала взвилось знамя освобождения

Актуалии

Мы гэтай памяці верныя
23 чэрвеня ў гісторыі Шумілінскага раёна і г. п. Шуміліна – асаблівы дзень. У гэты дзень, у першы дзень аперацыі “Баграціён”, у 1944 годзе над адзіным уцалелым будынкам райцэнтра – чыгуначным вакзалам – узвіўся чырвоны сцяг вызвалення.
Урачыстае мерапрыемства з нагоды 71-ай гадавіны вызвалення раёна пачалося на брацкіх могілках у парку, дзе сабраліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра, каб ускласці кветкі да помніка, каб ўшанаваць памяць савецкіх салдат, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля свабоды і будучыні нашай краіны.
Як сказала ў кароткай прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, мы заўсёды будзем памятаць пра подзвіг воінаў-вызваліцеляў. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў вызваленчых баях 106 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 13 з іх засталіся ляжаць у шумілінскай зямлі разам з больш чым дзесяццю тысячамі загінуўшых савецкіх салдат, якія аддалі сваё жыццё падчас вызвалення нашага раёна. Шумілінцы таксама ўнеслі ўклад ў барацьбу з ворагам: на франтах і ў партызанскіх атрадах ваявалі 10 тысяч нашых землякоў.
Прадоўжылася мерапрыемства ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў К. Ф. Палоўнікава падвяла вынікі праекта “Мы гэтай памяці верныя”, які рэалізоўваўся па ініцыятыве раённай ветэранскай арганізацыі.
Кацярына Фамінічна адзначыла вынікі работы вучняў і педагогаў Шумілінскай СШ №1, Обальскай СШ, Мішневіцкай СШ. Актыўна працавалі ў рамках праекта ў Мікіціхінскай СШ, Навікоўскай БШ, Слабадской д/с-СШ, Шумілінскай СШ №2, Крывасельскім д/с.
У сваім выступленні ветэран вайны былая партызанка А. Н. Пятрова гаварыла пра неабходнасць працягваць пошукавую работу, збіраць і захоўваць інфармацыю пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Ад імя раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” В. Васілеўская ўручыла былым вязням фашысцкіх канцлагераў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, падарункі – радыёпрыёмнікі.
К. Ф. Палоўнікава ўручыла граматы абласной арганізацыі ветэранаў  загадчыцы аддзела цэнтральнай раённай бібліятэкі Л. П. Грыгор’евай, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мяньковай, галоўнаму рэдактару газеты “Герой працы” С. П. Ермалаеву, дырэктару Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея С. В. Івановай.
Супрацоўнікі раённай бібліятэкі і самадзейныя артысты РЦК падрыхтавалі для прысутных канцэрт.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №49 ад 26.06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *