Тэма тыдня: Прэзідэнт прагназуе паляпшэнне сітуацыі ў 2016 годзе

Актуалии Тема недели

Тэма тыдня: Прэзідэнт прагназуе паляпшэнне сітуацыі ў 2016 годзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне» і азнаёміўся з тым, як выканана яго даручэнне па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта развіцця і тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемства, фінансава-эканамічнымі вынікамі яго работы, тэхналагічным працэсам вытворчасці баваўняных тканін. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам аб’яднання.

Лукашэнка лічыць, што сітуацыя ў Беларусі ў 2016 годзе пачне паляпшацца

«Нам трэба прайсці гэты год нармальна. Паглядзім, што будзе ў канцы года», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Упэўнены, у наступным годзе мы пачнём выкарабквацца з гэтага становішча, хоць мы не абваліліся так, як іншыя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў краіне ёсць праблемы, аднак няма абвалу.

«Вы бачыце, наш бліжэйшы партнёр — Казахстан, па-мойму, ужо трэці раз за апошнія два гады абваліў, разава дэвальваваў сваю валюту. І гэта краіна, якая сядзіць на карысных выкапнях. Вы бачыце, што адбываецца ў Расіі: за апошнія два гады тры разы абвалілася валюта і, здавалася б, канца краю няма, але пайшла нейкая стабілізацыя», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння краіны ўжо не думаюць аб тым, што будзе ў выніку дэвальвацыі валюты, больш думаюць аб тым, «як утрымацца ў гэтым бурным патоку, не спыніць вытворчасці і хоць на мінімуме прайсці гэты перыяд».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што цяперашняя сітуацыя пераадольная, «так увесь час не будзе».

Лукашэнка патрабуе ўдзяляць асаблівую ўвагу зніжэнню сабекошту і павелічэнню экспарту на прадпрыемствах

Так, на ААТ «БВБА» Прэзідэнт даручыў знізіць сабекошт на 7-10 працэнтаў. «Працаваць трэба з сабекоштам, — сказаў ён. — Паводле маіх падлікаў, 7-10 працэнтаў сабекошту вы яшчэ павінны ўбраць».

Баранавіцкае прадпрыемства папрацавала ўжо над зніжэннем сабекошту. Тым не менш, кіраўнік дзяржавы даручыў прадумаць, за кошт чаго гэты паказчык будзе скарачацца і далей.

Яшчэ адно даручэнне Прэзідэнта датычылася нарошчвання экспарту. «Вы павінны больш прадаваць за межамі краіны, не ўпускаючы свой рынак», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нагадаўшы, што ў гэтым плане ён паставіў жорсткія задачы перад урадам.

«Мы не павінны купляць па імпарце тое, што выпускаем самі», — заявіў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што дапушчальны ўзровень імпарту на рынку 10 працэнтаў для таго, каб захаваць канкурэнцыю.

Прэзідэнт даручыў таксама задзейнічаць пустуючыя плошчы прадпрыемства. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, да канца 2016 года свабодныя плошчы павінны быць задзейнічаны: у прыватнасці, там будуць створаны вытворчасці гатовай прадукцыі з тканін прадпрыемства.

У час наведвання ААТ «БВБА» Аляксандр Лукашэнка змяніў падрыхтаваны маршрут. Кіраўнік дзяржавы амаль гадзіну аглядаў цэхі прадпрыемства. Прэзідэнту было падрабязна даложана аб бягучай сітуацыі на ААТ.

Лукашэнка заклікае працоўныя калектывы напружыцца, каб выстаяць у няпростых знешнеэканамічных умовах

Прэзідэнт падкрэсліў, што сітуацыя ў свеце вельмі цяжкая: мыльныя бурбалкі, якія былі надзьмуты ў сусветнай эканоміцы, пачынаюць лопацца, абвальваюцца фондавыя рынкі, дэвальвуюцца нацыянальныя валюты. «Гэта фінансавая вайна. Гэта ўжо эканамічная вайна, і нам у гэтай вайне трэба не перамагчы, мы нікога перамагаць не збіраемся, нам трэба не аддаць сваё, нам трэба выстаяць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму напружвайцеся максімальна. Неабходна ў працоўных калектывах наколькі магчыма напружвацца і перажыць гэты час».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Баранавіцкае баваўнянае прадпрыемства ніколі не было абдзелена дзяржаўнай падтрымкай. Яна была аказана і для мадэрнізацыі прадпрыемства, з ходам якой сёння азнаёміўся кіраўнік дзяржавы. Адна з праблем, якая была ўзнята ў час наведвання Прэзідэнтам ААТ, — выплата ўзятых пад мадэрнізацыю крэдытаў. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у бліжэйшы час разгледзець пытанне аб павелічэнні часу іх пагашэння.

Лукашэнка: у Беларусі не будзе штучна стрымлівацца курс нацыянальнай валюты

«Мы не будзем штучна стрымліваць курс нацыянальнай валюты адносна іншых валют. І мы гэтага не робім. Калі мы пачнём яго стрымліваць і неяк спрабаваць гэтым стрымаць інфляцыю, дапамагчы чамусьці (не тыя часы), мы зноў прыйдзем да таго, што разава давядзецца на 30 працэнтаў дэвальваваць валюту», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што па гэтай прычыне ў краіне прытрымліваюцца плаваючага курса.

«Тое, што зрабілі цяпер Казахстан і Расія, мы гэта зрабілі раней, каб не спаліць золатавалютныя рэзервы. Добра, крыху золата даражэе, у нас яго, напэўна, тон пад 30, — адзначыў Прэзідэнт. — Таму мы прытрымліваемся плаваючага курса, каб прайсці гэтыя цяжкія часы».

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў цяперашняй сітуацыі нельга стрымліваць цэны. «Мы паглядаем на цэны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі пачнём трымаць, пойдуць тавары з рынку».

«Так. Ёсць нейкая валацільнасць, рух, — адзначыў Прэзідэнт. — Я вам клянуся, што мы нічога не робім, каб стрымліваць або ж узмацняць ці аслабляць нацыянальную валюту. Будзе больш валюты — будзе ніжэйшы курс, будзе высокі попыт, валюты не будзе — вы ведаеце, што будзе». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта па гэтай прычыне ён патрабуе нарошчваць экспарт для прытоку ў краіну валюты.

Лукашэнка: давайце пажывём на сваіх таварах і адпачнём у сябе ў Беларусі

«Давайце пажывём на сваім, што ў нашых магазінах ёсць, і адпачнём гэтыя гады ў сябе ў Беларусі. Не будзем вывозіць валюту», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Не бегайце вы па гэтых абменніках. Вы ствараеце лішнія праблемы», — адзначыў Прэзідэнт.

«Шчыра кажу, калі раней мяне проста трэсла, калі я бачыў змяненні курсаў валют, сёння мяне больш хвалюе іншае — утрымацца б, не дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне», — сказаў беларускі лідар.

«У свеце ідзе вайна, — сказаў Прэзідэнт. — У рэшце рэшт, хоць бы гэта бяда нас не закранула».

Прэзідэнт даручыў павялічыць аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля

Аляксандру Лукашэнку было зададзена пытанне аб тым, ці захаваецца ў далейшым ільготнае крэдытаванне на будаўніцтва жылля і якія змяненні чакаюць беларусаў у гэтай сферы. Прэзідэнт падкрэсліў, што льготнае крэдытаванне захаваецца. «Будзе больш, значыць, больш дадзім грошай на крэдытаванне. Але сёння не да раскошы. Калі мы захаваем тыя аб’ёмы льготнага крэдытавання, што ёсць, — дзякуй богу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што неабходна больш будаваць арэнднага жылля. «У гэтым напрамку рухаецца ўвесь свет», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі не стаіць

«Мы наогул да гэтага пытання не падыходзілі. Я вам сумленна сказаў, што нам пенсійны ўзрост даўно трэба было павялічыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі невысокія пенсіі, паколькі на аднаго пенсіянера прыпадае вельмі мала працуючых грамадзян. «Гэта значыць, мы перагружаем сваіх дзяцей», — сказаў ён.

«Калі вы хочаце, каб у краіне было столькі пенсіянераў на столькі працуючых — калі ласка, але пенсія будзе меншая», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Таму мы пенсійнае пытанне не чапаем, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Маё меркаванне вы ведаеце. Але вы гэтага не хочаце».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *