Шумилинские гимназисты с радостью отправились в столицу

Образование

Гімназіяй – у Мінск!
А калі больш дакладна, гэта было сапраўднае культпадарожжа з усімі выцякаючымі выпрабаваннямі і радасцямі. Праўда, выпрабаванне гімназістаў і іх настаўнікаў чакала толькі адно – пераезд на аўтобусе да Мінска. Але ўлічваючы той факт, што аўтобус – камфартабельны, а паездка – доўгачаканая, усе засталіся задаволенымі і ніколькі не стаміліся.
Бярэзінскі біясферны запаведнік – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці – спартыўна-аздараўленчы комплекс “Фрыстайл”. Згадзіцеся: праграма для аднаго дня насычаная і разнастайная. І калі добрыя ўражанні ад запаведніка былі прадказальнымі: многія дзеці тут ужо бывалі, то пра Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці хочацца расказаць асобна.
Гэта адзін з самых маладых музеяў краіны, адкрыты для наведвальнікаў у жніўні 2012 года.  Ён уваходзіць у склад Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і лічыцца адным з важных інфармацыйных, прэзентацыйных і камунікацыйных цэнтраў Беларусі. Асабліва ўражвае яго тэхналагічнасць, разнастайнасць спосабаў падачы музейнага матэрыялу, у тым ліку з дапамогай сучасных мультымедыйных тэхналогій.
Экспазіцыя музея расказвае пра гісторыю сучаснай Беларусі з 1990 года да нашых дзён, яе палітычнае, эканамічнае, навуковае, культурнае і спартыўнае жыццё. У музеі каля чатырох тысяч адзінак захоўвання, 800 з якіх прадстаўлены ў экспазіцыі. Там шмат унікальных прадметаў, якія маюць выключнае гістарычнае значэнне для незалежнай Беларусі. Экспазіцыя адлюстроўвае дасягненні Беларусі у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы, медыцыне, спорце і іншых галінах. У музеі сабраны ўзоры дзяржаўных узнагарод, юбілейныя і памятныя манеты Нацыянальнага банка, апошнія распрацоўкі вучоных і шмат таго, што сведчыць пра ўнікальнасць нашай краіны. Тут варта пабываць.
Пакінуўшы апошнія свае сілы ў аквапарку комплексу “Фрыстайл”, дзеці ехалі дадому задаволеныя і поўныя ўражанняў. Апошнім сюрпрызам былі навагоднія падарункі ад турфірмы “Спадчына”, якія не сталі нечаканасцю для тых, хто не першы раз падарожнічае разам з гэтай фірмай.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 27.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *