Владимир Гусаков знает толк в часах

Общество Экономика

Нават Rolex рамантаваў
Уладзімір Гусакоў ведае, што тыя гадзіннікі, якімі мы карыстаемся сёння, ні ў якое параўнанне не ідуць з гадзіннікамі савецкага ўзору. Тым больш, калі гаворка ідзе пра кітайскую штампоўку, дзе ўсе дэталі – вінцікі, калёсікі і нават вал – з пластмасы. Такія і рамантаваць не заўжды мае сэнс, але майстар абавязкова возьмецца.
Так, Уладзімір Віктаравіч ужо гадоў 17 працуе майстрам па рамонце гадзіннікаў у райбыткамбінаце. І ўсё Шуміліна ведае яго як выдатнага гадзіншчыка. Ды што там Шуміліна, да яго прывозяць на рамонт гадзіннікі і з Віцебска. Нават Rolex даводзілася рамантаваць: ніхто ў горадзе не ўзяўся – там жа ўсе дэталі з золата, а што калі адскочыць вінцік які ці спружынка?.. “І мне было страшнавата, – прызнаўся Уладзімір, – але гадзіннік я ўсё ж адрамантаваў”. Бярэцца майстар і за рамонт ювелірных вырабаў: пярсцёнкаў, ланцужкоў – такую тонкую ва ўсіх сэнсах справу. Думаецца, што такая філігранная работа адбіваецца і на характары: Уладзімір Гусакоў пакідае ўражанне чалавека стрыманага, разважлівага, грунтоўнага. Ён добры сем’янін, выхаваў з жонкай двух дзяцей, мае двух унукаў.
Вядома, аказваць такія паслугі ў невялікім гарадку, як наш, не вельмі прыбыткова. Гэта майстар зразумеў, калі стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Таму, папрацаваўшы нейкі час самастойна, зноў вярнуўся ў КУП БАН. Ды і сёння на прадпрыемстве рамонт гадзіннікаў – хутчэй бонус для насельніцтва, бо вялікіх грошай гэта паслуга не прыносіць. А займаецца гэтай справай наш майстар толькі ўвечары, калі справіцца з асноўнымі абавязкамі начальніка ўчастка.
У падначаленні ва Уладзіміра Віктаравіча брыгада з 10-ці чалавек, якая займаецца самымі разнастайнымі работамі: ад вырабу агароджы да капання магіл. Сам майстар участка ніколі не сядзіць на месцы: за мінулы год асабіста аказаў транспартных паслуг больш як на 92 мільёны рублёў. Да слова, брыгада пад яго кіраўніцтвам вырабіла, рэалізавала і ўстанавіла жалезабетоннай агароджы на 425 мільёнаў.
Выходзіць, што наш правераны часам гадзіншчык – майстар на ўсе рукі. Яго вопыту давярае кіраўніцтва прадпрыемства, ён ніколі не падвядзе, выканае любую справу на выдатна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №24 ад 25.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *