Донор – тот, кто дарит жизнь

Здоровье Общество

Донар — той, хто дорыць жыццё
Пра донарскую кроў звычайна гавораць, калі здараюцца надзвычайныя сітуацыі: катастрофы, аварыі, тэракты. Па тэлебачанні паказваюць чэргі ля пунктаў пералівання крыві жадаючых падзяліцца сваёй крывёй з параненымі, хворымі, пацярпелымі. У такі момант сотні людзей, якія ніколі раней не здавалі кроў становяцца донарамі. Іх аб’ядноўвае жаданне выратаваць жыццё другога чалавека.
Донарская кроў патрабуецца ў медыцынскай рабоце штодзень. Без пералівання крыві не абыходзіцца ніводная сур’ёзная аперацыя, донарская кроў патрэбна людзям з анкалагічнымі захворваннямі крыві і органаў кроветварэння, тым, хто праходзіць хіміятэрапію ці апраменьванне. Да сённяшняга часу не ўдалося знайсці паўнацэнную замену крыві.
Пра гэта добра ведаюць усе донары нашага раёна, яны актыўна здаюць кроў у дні выезду ў наш раён брыгад абласной станцыі пералівання крыві (яны выязджаюць 15 разоў на год). У мінулым годзе 279 чалавек здавалі кроў, за год донары здалі 663 літры крыві. Ужо сёлета шумілінцы здалі 483 літры крыві.
Падчас адной працэдуры донар аддае 477 мм натуральнай крыві. Для яе паўнацэннага аднаўлення неабходна 60 дзён. Чалавек пры жаданні можа быць донарам да пяці разоў у год.
Найбольш актыўныя донары жывуць у Обалі, Мікіцісе і, вядома, у райцэнтры. Многія за сваё жыццё здавалі кроў больш за 50 разоў.
Шумілінскі раён з’яўляецца адным з лідараў у вобласці па колькасці донараў і здадзеных доз крыві. Многія маюць званне “Ганаровы донар” (40 разоў і больш здалі кроў). Хаця нельга не сказаць, што ў апошні час па розных прычынах у нас значна зменшылася колькасць донараў.
Каб мець магчымасць дапамагчы хвораму і параненаму чалавеку, станцыя пералівання крыві павінна мець дастатковыя запасы крыві, пастаянна іх папаўняць. А гэта будзе магчымым толькі тады, калі ў рады донараў будуць улівацца новыя маладыя людзі з пачуццём спагады, гуманнасці. Хто гатовы падарыць шанс на жыццё тым, для каго донарская кроў — адзіная надзея на выздараўленне і адзіная магчымасць выжыць.
Тэлефон “гарачай лініі” УАЗ “Віцебская абласная станцыя пералівання крыві” 8(0212)245821 (кожны аўторак з 14.00 да 16.00, акрамя святочных і выхадных дзён).
В. ЧЫЖЫКАВА, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа.
Надрукавана ў №86 ад 09.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *