11 лістапада стартавала рэспубліканская акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!”

Безопасность Новости

“Не прапальвай сваё жыццё!”
Пад такой назвай 11 лістапада стартавала рэспубліканская акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Каб прыцягнуць увагу да праблем пажараў і гібелі людзей з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, ратавальнікі з 11 да 30 лістапада праводзяць акцыю “Не прапальвай сваё жыццё!”.
Акрамя супрацоўнікаў МНС, у ёй прымуць удзел актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, прадстаўнікі іншых арганізацый.
Мерапрыемствы пройдуць у чатыры этапы. На першым з іх – з 11 да 13 лістапада – групы з актывістаў БМГАРП, студэнтаў і работнікаў МНС раскажуць пасажырам грамадскага транспарту пра небяспеку курэння ў ложку, будуць раздаваць яркія інфармацыйныя лістоўкі. У маленькіх населеных пунктах будзе вызначаны свой “Маршрут бяспекі”, у які ўвойдуць не менш трох самых ажыўленых месцаў (пляцоўкі ля гандлёвых аб’ектаў, рынкі, вакзалы, арганізацыі грамадскага харчавання падчас абедзеннага перапынку і г. д.).
Другі этап акцыі пройдзе з 14 да 21 лістапада ў працоўных калектывах прадпрыемстваў, арганізацый, а таксама ў пунктах грамадскага харчавання. З работнікамі і наведвальнікамі ў гульнявай форме пагавораць пра пажарную бяспеку, будзе прапанавана тэматычная інтэлектуальная QUIZ-гульня «No Smoking Quiz».
На перыяд з 22 да 28 лістапада запланаваны мерапрыемствы трэцяга этапа, якія пройдуць у ВНУ, ССНУ і ўстановах аховы здароўя, дзе ратавальнікі наладзяць адкрытыя дыялогі, тэматычныя праграмы, конкурсы.
Фінальны, чацвёрты этап акцыі, адбудзецца 29 і 30 лістапада. Работнікі МНС правядуць яркія мерапрыемствы, святы бяспекі, у месцах масавага знаходжання людзей (гандлёвых цэнтрах, адкрытых пляцоўках, сельсаветах), дзе будзе магчымасць пазмагацца ў армрэслінгу з роставай лялькай, абмяняць цыгарэту на цукерку, паўдзельнічаць у латарэі, тэматычнай віктарыне, конкурсе плакатаў і інш.
Усё гэта дазволіць данесці карысныя веды пра бяспечнае жыццё шырокай аўдыторыі.
Вадзім ПІВАВАРАЎ,
інспектар сектара прапаганды і
ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС.
Апублікавана ў №88 ад 12.11.2019 г.