В волейбольном турнире шумилинские спортсменки на четвёртом месте

Спорт, туризм

Пра каманду мары і не толькі
28-29 студзеня ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны валейбольны турнір сярод дзяўчынак, прысвечаны памяці Пятра Акуцыёнка. Юныя валейбалісткі з Шуміліна, Наваполацка, Міёр, Віцебска і Бешанковіч спаборнічалі ў дзвюх узроставых групах.
Шчыра кажучы, нашым валейбалісткам 1997 года нараджэння было мала шансаў трапіць у тройку лепшых. Так, шумілінскія спартсменкі стараліся, змагаліся за кожнае ачко. Толькі вось сапернікі былі яўна мацней. Тым не менш, хочацца пахваліць нашых Ганну Белавусаву, Алену Аўсяннікаву і Дар’ю Новікаву.
Але ж гульні ў гэтым узросце сталі ўпрыгожаннем усяго турніру. Справа ў тым, што проста шыкоўную гульню паказалі наваполацкія валейбалісткі. Спецыялісты даўно называюць гэту каманду камандай мары. Усе дзяўчаты як на падбор – высокія, таленавітыя і перспектыўныя. Тут кожны ігрок – лідар.
І перамогу, зразумела, святкавала каманда з Наваполацка. Наша каманда – чацвёртая.
А вось сярод старэйшых валейбалістак мы маглі разлічваць на добры вынік. Каманда Людмілы Харкавец на многіх турнірах паказвала характар і ўзыходзіла на п’едэстал. Тым больш, што тут былі каманды прыкладна аднаго ўзроўню, без яўных фаварытаў.
Толькі вось трапіць у тройку лепшых нашы зямлячкі не змаглі. Пры роўнай гульні ў самыя адказныя моманты мы аддавалі партыі. Як вынік – чацвёртае месца. Лепшымі ў нас былі Валерыя Акуневіч і Таццяна Літоўка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *