Стартовала профилактическая акция МЧС «Каникулы без дыма и огня»

Безопасность Новости

У Шумілінскім раёне з 6 чэрвеня стартавала штогадовая рэспубліканская прафілактычная акцыя МНС «Канікулы без дыму і агню», якая будзе праходзіць пераважна ў прышкольных і летніх аздараўленчых лагерах, ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Летнія канікулы – шчаслівая і самая доўгачаканая пара для ўсіх школьнікаў. Але менавіта ў гэты перыяд колькасць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый з удзелам непаўналетніх расце, бо нярэдка дзеці застаюцца без нагляду дарослых.

«Работа ратавальнікаў будзе накіравана на тое, каб папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, а таксама гібель дзяцей на вадаёмах, – расказаў інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Півавараў. – Пройдуць прафілактычныя гутаркі з дзецьмі, дэманстрацыя тэматычных і навучальных відэафільмаў, мультфільмаў, віктарыны па асновах бяспечнай жыццядзейнасці, конкурсныя праграмы.
А памятаючы пра тое, што за бяспеку дзяцей заўсёды адказваюць дарослыя, работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях правядуць трэніроўку для дзяжурнага персаналу, выхавальнікаў і калектываў устаноў».

Да правядзення акцыі далучацца актывісты раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, таварыства ратавання на водах і іншыя зацікаўленыя арганізацыі.

Паважаныя бацькі! Паклапаціцеся пра сваіх дзяцей – арганізуйце іх вольны час, вучыце іх правілам бяспечных паводзін. У дзяцей павінна быць шчаслівае дзяцінства! І менавіта вы ў першую чаргу адказваеце за гэта.
Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *