Шумилинские школы активно используют возможность бесплатного посещения музеев

Культура Образование

Музейныя экспанаты выхоўваюць

Школы Шуміліншчыны актыўна выкарыстоўваюць магчымасць бясплатнага наведвання музеяў у апошнюю сераду месяца.

У Беларусі ўстаноўлены адзіны бясплатны дзень для наведвання музеяў вучнямі школ і каледжаў. Гэта прадугле-джана пагадненнем аб супрацоўніцтве ў вобласці музейнай справы паміж міністэрствамі культуры і адукацыі, якое прадпісалі іх кіраўнікі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пагадненне заключана з мэтай патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, фарміравання ў іх павагі да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа, умацавання маральных якасцей.

Дакумент прадугледжвае рэалізацыю пілотнага праекта, па якім устаноўлены адзіны бясплатны дзень для наведвання музеяў краіны навучэнцамі, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную адукацыю. Для іх будзе арганізавана бясплатнае экскурсійнае суправаджэнне па пастаянных і часовых экспазіцыях. Такім днём вызначана апошняя серада месяца. Наведаць музеі можна бу-дзе па папярэднім запісе.

У апошнюю сераду кастрычніка ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі пабывалі 113 вучняў з СШ №1, СШ №2, Слабадской і Мішневіцкай школ. Дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца з усімі экспазіцыямі, іх многае цікавіла. Але асабліва востра яны ўспрымалі тэму вайны, генацыду беларускага народа. Тым больш што размова супрацоўнікаў музея будавалася на канкрэтных прыкладах з жыцця жыхароў Шуміліншчыны. Сур’ёзна і стоена слухалі школьнікі аповеды пра нашы спаленыя вёскі, пра месцы масавага знішчэння землякоў, расстрэлы яўрэяў на Брыкеце, у Сіроціне, на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета. Гутарку дапаўнялі і пацвярджалі дакументы, фотаздымкі, атрыбуты, інсталяцыі.

«У Год гістарычнай памяці наш музей стараецца ўнесці свой уклад у захаванне памяці пра вайну і яе пераможцаў, – кажа дырэктар музея Святлана Іванова. – Таму плануем і надалей актыўна працаваць з моладдзю і запрашаць да нас на экскурсіі, расказваць і паказваць дакументальна зафіксаваную праўду пра гістарычны шлях краіны і народа, пра ўклад кожнага беларуса і Беларусі ў цэлым у Вялікую Перамогу».

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *