Районные новости

Новости

Lada-21144 – у сельвыканкамы
Цудоўны падарунак зрабіў абласны бюджэт Каўлякоўскаму і Лаўжанскаму сельвыканкамам. Менавіта гэтыя сельвыканкамы на змену старэнькім Жыгулям атрымалі новыя машыны маркі Lada-21144 коштам па 66 з паловай мільёнаў рублёў. Гэтыя тэхнічныя абноўкі, безумоўна, будуць спрыяць  больш цеснаму супрацоўніцтву мясцовай улады з насельніцтвам.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Тэхніка
СФГ “Крыніца” закупіла “Амкадор” і раскідвальнік цвёрдых мінеральных угнаенняў РДУ-1,5. Тэхніка атрымана па лізінгу. А ўвогуле вобласць выдзеліла для нашага раёна 30 адзінак сельгастэхнікі – трактароў, навясных і прычапных агрэгатаў, –  паведаміў рэдакцыі намеснік начальніка райсельгасхарчу С. Б. Завадскі.
Душавыя кабіны
На ферме Жданоўка ў КУСГП “Мішневічы” устаноўлена душавая кабіна, разам з воданагравальнікам яна каштуе больш за тры мільёны рублёў. Дзве душавыя кабіны закупілі і ў ААТ “Прыазёрны мір”, іх мяркуюць устанавіць на фермах Непароты і Маркава.
Магазін ў Слабадзе
Нязручна, калі на вёсцы няма прамысловага магазіна, кажуць жыхары аграгарадка Слабада. Таму калі больш за год таму райспажыўтаварыства тут  зноў адчыніла прамтаварны магазін (ён калісьці працаваў у вёсцы), гэта стала добрай навіной для ўсіх вяскоўцаў.
“Праўда, у магазін доўга не маглі знайсці прадаўца, – гаворыць в. а.  старшыні райспажыўтаварыства Л. С. Дзегцярэнка. – Затое цяпер работа наладжана. Загадчыца магазіна, яна ж і прадавец, Галіна Рыгораўна Аўсянкіна – чалавек надзвычай ветлівы, добра ведае патрэбы вяскоўцаў. У магазіне нядрэнны тавараабарот, выручка за месяц – больш за дваццаць мільёнаў рублёў”.
Заходзім у прамысловы магазін. На вітрынах нядрэнны выбар тавараў. Тут можна купіць трыкатажныя вырабы, школьна-пісьмовыя прылады, парфуму і галантарэю, веласіпеды. Асобны куток адведзены гаспадарчым таварам. Вясной асаблівай папулярнасцю карыстаюцца фарбы, шпалеры, вапна, грунт, угнаенні для кветак і гародніны. Прывозяць тавары і пад заказ. Так, нядаўна па заказу адной пенсіянеркі прывезлі сетку-рабіцу.
“У мінулым месяцы толькі насення прадала больш як на мільён рублёў, – гаворыць Галіна Рыгораўна. – А перад святам 8 Сакавіка добра разыходзілася парфума. Тое ж і па пластмасавых вырабах. – А ўвогуле людзям патрэбны розныя тавары – ад веніка да шафаў”.
Дарэчы, заказваюць у магазіне і буйнагабарытныя тавары, напрыклад, ложкі ці халадзільнікі. Прывозяць пральныя машыны-аўтаматы, зараз ёсць заказы на ноутбукі і газавыя пліты.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №30 ад 13.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *