Органы ЗАГС отмечают 95-летие

Официально

Кожны хоць раз у жыцці пераступаў парог загса
Кожны чалавек хоць раз у жыцці ў адказныя моманты жыцця звяртаецца ў органы загса. Тут мы атрымліваем свой першы самы важны дакумент – пасведчанне аб нараджэнні, якое дае нам імя, а разам з ім – і правы грамадзяніна. Сюды ж прыходзім, калі хто-небудзь з блізкіх завяршае свой жыццёвы шлях. З загса пачынаецца жыццё чалавека як грамадзяніна. І потым менавіта ў загсе ён піша храналогію свайго жыцця. Гэты летапіс называецца запісам акту грамадзянскага стану. І час паказвае, што за гэтым сухім тэрмінам – памяць аб прамільгнуўшых гадах.
З чаго ж пачыналася гісторыя загса?
У дарэвалюцыйнай Расіі ўсе запісы актаў грамадзянскага стану былі ўскладзены на царкву. Царкоўныя служкі праводзілі абрады, у мятрычных кнігах запісвалі даты нараджэння, вянчання, смерці. Упершыню такія запісы былі ўведзены ў 1722 годзе, калі Пётр I устанавіў абавязковую рэгістрацыю нараджэння праваслаўнага насельніцтва.
А ў 1917 годзе, 18 снежня, Саветам народных камісараў быў прыняты Дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, рэгістрацыі дзяцей і вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану”.
І вось ужо 95 год органы загса рыхтуюць дакументы, якія ўплываюць на жыццё розных пакаленняў кожнай сям’і. З актамі грамадзянскага стану закон звязвае ўзнікненне, змяненне і спыненне прававых адносінаў, якія маюць істотнае значэнне для кожнага з нас.
Акты грамадзянскага стану – адна з самых стабільных дакументальных сістэм, без якой не можа існаваць грамадства і сям’я. Звесткі з запісаў актаў служаць асновай для дэмагра-фічных даследванняў, улічваюцца пры распрацоўцы планаў сацыяльнага развіцця, з’яўляюцца каштоўным матэрыялам пры даследаваннях у розных галінах.
Будні органаў загса складаюцца з усемагчымых дзяржаўных рэгістрацый, прадпісаных законам: нараджэнне, заключэнне шлюбу, усынаўленне, замена прозвішча, уласнага імя,  імя па бацьку, устанаўленне бацькоўства і мацярынства, аднаўленне ануляваных запісаў грамадскага стану і многае іншае. Штогод праз органы загса праходзіць каля двух з паловай тысяч чалавек са сваімі праблемамі, радасцямі і бедамі.
Работа сістэмы органаў загса пастаянна ўдасканальваецца. Зараз вядзецца работа па стварэнні электроннага архіву запісаў актаў грамадскага стану. Гэта надзвычай важная і карпатлівая праца, асабліва па даваеннаму і пасляваеннаму перыядах. Раней, каб атрымаць інфармацыю па запісах актаў грамадскага стану, даводзілася ўручную і неаднаразова праглядваць дакументы, не заўсёды добрай захаванасці. Наяўнасць жа камп’ютарнай базы даных дазволіць не толькі зберагчы ўнікальныя дакументы мінулага, але і значна скараціць час пошуку інфармацыі, выдачы неабходных дакументаў.
З 2010 года ў органах загса з’явіліся новыя формы ўрачыстай цырымоніі ўзяцця шлюбу – рэгістрацыя заключэння шлюбу па індывідуальным сцэнарыі, а таксама выязная рэгістрацыя заключэння шлюбу.
Аддзел загса праводзіць урачыстыя рэгістрацыі “сярэбраных”, “залатых”, “брыльянтавых” вяселляў, іншых юбілеяў сямейнага жыцця, а таксама рэгістрацыі імя нованароджаных.
Сучасны работнік загса – чалавек высокаадукаваны, які дасканала ведае заканадаўства, сапраўдны прафесіянал. Ажыццяўляючы дзяржаўную рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану,  работнік загса ўносіць свой асабісты ўклад у фарміраванне прававой дзяржавы, забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Напярэдадні юбілею загса сардэчна віншуем супрацоўнікаў і ветэранаў органаў загса раёна і жадаем новых вяршынь і здароўя. А жыхароў раёна хочацца запэўніць у тым, што работнікі загса будуць і надалей старанна выконваць сваю важную місію: рэгістраваць самыя значныя падзеі вашага жыцця.
І. КІСЯЛЕВІЧ, начальнік аддзела загса райвыканкама.
Надрукавана ў №100 ад 18.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *