Шумилинское спортивное обозрение

Спорт, туризм

Біятлон
Перад Новым годам у Раўбічах прайшлі кантрольныя старты другога складу нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне.
Нашы зямлячкі Ала Талкач і Ганна Сола (першы трэнер дзяўчат – Генадзь Салапаеў) змагаліся за перамогу ў спрынце. Удзельніца этапаў сёлетняга кубка Еўропы Ала Талкач заняла выніковае другое месца, юная біятланістка Ганна Сола замкнула шасцёрку мацнейшых.
Лёгкая атлетыка
Мацнейшыя лёгкаатлеты краіны прынялі ўдзел у адкрытым камерцыйным рэспубліканскім турніры “Калядныя старты”.
За перамогу змагаўся і наш зямляк Вячаслаў Жыгуноў. Вячаслаў выйшаў на старт у новай для сябе дыстанцыі – 600 метраў, дзе і паказаў пяты вынік. Эстафетная каманда Мінскай вобласці, за якую выступаў і Вячаслаў, выйграла спаборніцтвы.
Грэка-рымская барацьба
Глыбокае напярэдадні Новага года прымала ўдзельнікаў абласных спаборніцтваў па грэка-рымскай барацьбе.
Добра выступілі обальскія барцы, якіх трэніруе Пётр Ганушчанка. У іх тры прызавыя месцы. Другія месцы заваявалі Мікіта Барсукоў (вагавая катэгорыя 35 кг) і Дзмітрый Кучмароў (вагавая катэгорыя 42 кг), трэці радок у Ягора Ганушчанкі (вагавая катэгорыя 47 кг).
Валейбол
У Наваполацку прайшло першынство вобласці па валейболе сярод юных спартсменак 1999 года нараджэння і маладзей. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 8 каманд.
Гонар нашага раёна абаранялі валейбалісткі, якіх трэніруе Людміла Харкавец. Як адзначыла трэнер, у складзе нашай каманды абсалютная большасць – дэбютанткі. Юным валейбалісткам ўдаўся гэты старт – выніковае чацвёртае месца. На пляцоўцы  добрую гульню паказалі лідары каманды Дар’я Новікава і Ірына Варанцова, ухвальных слоў заслужыла і дэбютантка спаборніцтваў Ірына Пяткевіч.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Падача, прыём, блок…
У ДзЮСШ прайшоў  традыцыйны пераднавагодні турнір па валейболе сярод жаночых каманд. Спаборніцтвы сабралі каманды “Шуміліна-1”, “Шуміліна-2”, “Міёры” і “Віцебск”. Фармат спабор-ніцтваў – гульня з трох партый – дазволіў закруціць інтрыгу да апошняй партыі.
Адкрыла турнір сустрэча “Шуміліна-2”-“Віцебск”. Нашы валейбалісткі выступалі ў эксперыментальным саставе, моладзь з першых хвілін імкнулася даказаць сваю канкурэнтаздольнасць. Тым часам у віцяблянак – сыграны склад, валейбалісткі добра адчуваюць адна адну на пляцоўцы. Гэтыя акалічнасці і падарылі гледачам цікавы валейбол. Гульня праходзіла на роўных. Хапіла ўсяго – упэўненых падач, прыгожых розыгрышаў, майстравітых блокаў. Прычым добры валейбол паказвала як адна, так і другая каманда. На жаль, вопыт і сыгранасць у вырашальных момантах былі на баку гасцей. Такім чынам, першую перамогу на турніры запісалі на свой рахунак віцяблянкі. У нас лепшымі на пляцоўцы былі Антаніна Сямёнава і Ганна Белавусава.
Наступны матч  спаборніцтваў – “Шуміліна-1”-“Міёры”– стаў вырашальным. Міёрскія валейбалісткі сабралі на турнір мацнейшы састаў, менавіта яны лічы-ліся галоўнымі фаварытамі. Праўда, у гульні ім прыйшлося сваю перавагу літаральна вырываць. Нашы зямлячкі чапляліся за кожны мяч, гулялі з натхненнем, а вопыту і майстэрства не займаць. Тры партыі прайшлі ў напружанай барацьбе, 1:2 на карысць гасцей. У нашай камандзе відовішчную і на-дзейную гульню прадэманстравалі Рыта Бяззубенка, Людміла Харкавец і Вольга Гаева.
Цікава прайшлі сустрэчы “Шуміліна-1”-“Віцебск”, “Шуміліна-2”-“Міёры”, “Міёры”-“Віцебск”. Для спартыўных гурманаў кожны гэты матч стаў сапраўдным падарункам. Завяршыўся турнір сустрэчай “Шуміліна-1”-“Шуміліна-2”.
Выніковая табліца пераднавагодняга турніру: першае месца – “Міёры”, другое – “Шуміліна-1”, трэцяе – “Віцебск”, чацвёртае – “Шуміліна-2”.
Алесь САКАЛОЎ.
Па чатыры каманды
Кубак раёна па баскетболе разыгралі вучні школ. На жаль, спаборніцтвы не аказаліся масавымі як сярод дзяўчат, так і сярод хлопцаў. І там, і там за перамогу змагаліся па чатыры каманды. Хаця падчас спаборніцтваў многія ўспаміналі, што раней было да дзесяці каманд-удзельнікаў.
Дзяўчынкі
Каманда СШ №1. Настаўнікі фізкультуры Алег Асташонак і Генадзь Садохін добра падрыхтавалі дзяўчат да стартаў.  Баскетбалісткі з СШ №1 без варыянтаў атрымалі перамогу. Яны былі мацнейшыя за саперніц ва ўсім – ад фізічнай падрыхтоўкі да тэарэтычных навыкаў. Лепшымі ў камандзе былі Уладзіслава Рудова, Алена Аўсяннікава і Наталля Коўшык.
Каманда Кардонскай школы. Гэтыя баскетбалісткі па праву заваявалі званне адкрыцця спаборніцтваў. Дарэчы, калі б была намінацыя на лепшага іграка, то яе атрымала б Таццяна Дубко. Наогул, дзяўчаты ігралі з агеньчыкам, з імпэтам, шмат імправізавалі на пляцоўцы, паказвалі відовішчную гульню.  Даволі стабільную гульню на пляцоўцы паказала Сняжана Шэдзько.  Падрыхтавала каманду настаўніца фізкультуры Ларыса Шэшко.
Каманда Обальскай школы. Гэта каманда літаральна набірала абароты па ходзе спаборніцтваў. Калі ў першай сустрэчы ў іх нічога не атрымлівалася, то ў другой проста не хапіла часу, каб вырваць перамогу, затое апошні матч давялі да перамогі. Лепшая ў каман-дзе – Алеся Кібарава
Каманда СШ №2. Цікавы калектыў, дзяўчаты прапанавалі саперніцам вязкі цягучы баскетбол. Імкнуліся навязаць барацьбу на кожным куточку пляцоўкі. Самааддачай і ўменнямі вылучылася Дар’я Новікава.
Па выніках турніру тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў і толькі па дадатковых паказчыках другое месца ў Кардонскай школе, трэцяе – у Обальскай.
Хлопчыкі
Удзельнікі – каманды з СШ №1, СШ №2, Обальскай СШ і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.  Пасля першых гульняў вызначыліся лідары – баскетбалісты з СШ №1 і Обальскай СШ. Да слова, усе каманды заслугоўваюць толькі ўхвальных слоў. Для каманды Цэнтра гэта быў своеасаб-лівы дэбют на баскетбольных стартах, СШ №2 усіх падкуплівала сваім бязмежным жаданнем гуляць і змагацца і для іх трэцяе месца стала сапраўднай трагедыяй.
А што тычыцца апошняй гульні, якая фактычна стала фіналам, то яна не атрымалася. Настаўнікі фізкультуры СШ №1 Алег Асташонак і Генадзь Садохін выбралі правільную тактыку на гульню, а іх падапечныя, выканаўшы ўстаноўкі трэнераў, без праблем абыгралі обальскіх баскетбалістаў. Лепшымі ў складзе пераможцаў былі Антон Сілін, Канстанцін Прохараў і Мікіта Паўлікаў.
Алесь СЛАВІН.
Надрукавана ў №2 ад 09.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *