В ОАО «Лежни» приступили к севу зернобобовых

Сельское хозяйство


У «Ляжнях» сеюць зернебабовыя
Механізатары ААТ «Ляжні» ў ліку першых прыступілі да вясенняй пасяўной і зараз стараюцца не ўпусціць ні дня, бо ў сонечнае і ветранае надвор’е вільгаць знікае хутка.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Людчык ацэньвае сёлетнюю пасяўную як звычайны рабочы рытм. Магчыма, з-за вялікага снегу пачалі на некалькі дзён пазней, а так работы нічым не адрозніваюцца ад Сенненскага раёна, дзе раней працаваў, лічыць Дзмітрый Міхайлавіч. На Шуміліншчыне нават больш высокіх прыдзвінскіх палеткаў, з іх і пачалі сяўбу. Зараз на палетках працуе адзін пасяўны агрэгат, выедзе і другі, калі глеба будзе гатова.
На палетках за Полькавічамі мы сустрэлі механізатараў Мікалая Лазуку і Яўгена Прыгуна, агранома Аліну Пяшко. Сельскагаспадарчай тэхніцы ёсць дзе разагнацца на вялікім полі. На думку Мікалая Лазукі, які працуе з пасяўным агрэгатам, глеба апрацавана добра. За гэта дзякуе калегам Юрыю Літвінаву і Уладзіміру Скітову, якія працавалі з культыватарам і дыскатарам адпаведна.
«Працую на сяўбе больш за дзесяць гадоў з невялікім перапынкам, – усміхаецца Мікалай. – Сею зернебабовыя, за дзень прыкладна да трыццаці гектараў».
Яўген Прыгун, які падвозіць з Крывога Сяла насенне і засыпае яго ў пасяўны агрэгат разоў дзесяць за дзень, а то і больш, хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ў прыпар кожны год выходзіць на работу, за што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства яму вельмі ўдзячна. «Зімой – рыбалка, а вясной і летам – палеткі, – усміхаецца Яўген. – Наперадзе чакае нарыхтоўка кармоў».
Малады аграном Аліна Пяшко хваліць механізатараў на прафесіяналізм. З такімі вопытнымі і адказнымі працаваць лёгка. У ААТ «Ляжні» засеялі ўжо яравымі 563 гектары палеткаў (17,6% да патрэбнага). Наперадзе чакае сяўба пшаніцы і ячменю.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *