Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка 2026 года падпісаў Указ «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення». Дакумент працягвае развіццё дзяржаўнай праграмы падтрымкі ЭКА і накіраваны на тое, каб зрабіць сучасныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі больш даступнымі для жанчын, якія мараць пра мацярынства.
Дзякуючы дзеючай праграме ЭКА ў Беларусі ўжо з’явіліся на свет 2528 дзяцей, што пацвярджае яе эфектыўнасць і запатрабаванасць. Па падліках спецыялістаў, на рэалізацыю праграмы дзяржава накіравала каля 28 мільёнаў рублёў.
Згодна з новым указам, жанчынам будуць прадастаўляцца дзве бясплатныя спробы ЭКА замест адной. Прычым скарыстацца імі змогуць не толькі замужнія жанчыны, але і тыя, хто афіцыйна не знаходзіцца ў шлюбе.
Каб атрымаць права на дзве спробы, неабходна захаванне шэрагу ўмоў. Сярод іх — узрост жанчыны да 40 гадоў, наяўнасць медыцынскіх паказанняў і адсутнасць супрацьпаказанняў да правядзення працэдуры. Калі першая бясплатная спроба стала паспяховай і завяршылася нараджэннем дзіцяці, жанчына захоўвае права і на другую спробу за кошт бюджэту да дасягнення 49 гадоў.
Як і раней, ЭКА будзе праводзіцца ў дзяржаўных медыцынскіх установах, пералік якіх зацвярджае Савет Міністраў.
Прыняцце дакумента дасць магчымасць узмацніць сацыяльную падтрымку беларускіх жанчын і пашырыць іх магчымасці ў сферы рэпрадуктыўнага здароўя.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.

