«Педагагічны старт» – свята творчасці і пераемнасці
У СШ № 2 г. п. Шуміліна адбылася падзея, якую з нецярпеннем чакала педагагічная супольнасць раёна. Конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых педагогаў і іх настаўнікаў «Педагагічны старт» стаў сапраўдным святам творчасці, пераемнасці і настаўніцкай адданасці.
Тут не вызначаюць лепшага – тут дэманструюць сілу адзінства «Педагагічны старт» не выпадкова сабраў разам маладых спецыялістаў і іх настаўнікаў, бо галоўная ідэя конкурсу – паказаць, як вопыт і маладосць, ідучы побач, нараджаюць сапраўднае майстэрства.
На працягу некалькіх гадзін дванаццаць дуэтаў з розных устаноў адукацыі Шуміліншчыны даказвалі, што настаўніцтва не ведае ўзроставых межаў, а талент, падмацаваны мудрасцю настаўніка, здольны тварыць цуды.
Кожны ўдзельнік – гісторыя, кожны дуэт – лёс
Гледачы з заміраннем сэрца сачылі за выхадам кожнага канкурсанта. Іх прадстаўлялі вядучыя, і ў кожным слове адчувалася павага і шчырая сімпатыя.
Першымі на сцэну выйшлі прадстаўнікі дашкольнай адукацыі – тыя, хто закладвае фундамент у выхаванне асобы. Сабіна Салахава, выхавальнік Мікіціхінскага дзіцячага сада, разам са сваім настаўнікам Жанай Васільчанка нагадала, што смеласць – гэта не адсутнасць страху, а ўменне дзейнічаць, нягледзячы на яго. Іх выступленне было поўным пяшчоты і ўнутранай сілы.
Вікторыя Лысенка з Шумілінскага дзіцячага сада № 1 і яе настаўнік Марына Лапавухава абралі дэвізам «Ісці наперад і не спыняцца на дасягнутым». І сапраўды, іх творчы нумар пераконваў, што такі падыход – адзіны правільны для тых, хто працуе з маленькімі сэрцамі.
Кацярына Лемяшова, кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада № 3, разам з Наталляй Самарукавай паказала, што спорт – гэта не проста рух, а філасофія пераадолення. «Толькі спорт дапамагае зразумець, што праца над сабой і ўпартасць – лепшы спосаб дасягнуць любыя мэты», – пераканаўча заявіла Кацярына. І зала паверыла.
Сваю майстэрню душы прадставіла Аляксандра Жыгунова, настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 4. Разам з Наталляй Несцеравай яна нагадала, што сапраўдны педагог бачыць не складанасці, а магчымасці. Іх выступленне кранала да глыбіні душы, бо тым, хто працуе з асаблівымі дзецьмі, нельга быць абыякавым.
Мова, літаратура, пачатковыя класы: шматграннасць педталенту
Урокі замежных моў на сцэне ператвараліся ў маленькія спектаклі. Аляксандра Шабанава, настаўніца нямецкай мовы Башнеўскай БШ, разам з Марынай Аляксеенка даказала, што «ў кожным горадзе, у кожнай вёсцы ёсць дзеці, якім патрэбны настаўнік». Іх выступленне было поўным аптымізму і веры ў тое, што мова здольная аб’ядноўваць.
Кацярына Рагачэўская, настаўніца нямецкай мовы Кардонскай СШ, і яе настаўнік Святлана Пляшкова абралі дэвізам сучасны падыход: «Не адмаўляю мінулага, не баюся будучага. Бяру лепшае з традыцый і смела пераплятаю з тэхналогіямі, каб кожнае дзіця знайшло свой шлях». Гэта філасофія стала лейтматывам іх выступлення.
Сучасныя падыходы да вывучэння англійскай мовы дэманстравала Юлія Сямёнава з Обальскай СШ. Разам з Марынай Загнетавай натхнялі сваёй энергіяй і непаўторным стылем. Яе педагагічнае крэда – «ствараць глебу, у якой нават пустазелле можа аказацца рэдкай раслінай».
Настаўнікі пачатковых класаў занялі асаблівае месца ў праграме. Ганна Ульская з СШ № 2 і яе настаўнік Галіна Траццякова нагадалі, што першы настаўнік – як першая любоў: застаецца ў сэрцы назаўжды. Іх выступленне было поўным цяпла і шчырасці.
Юлія Броўкіна з СШ № 1 г. п. Шуміліна і Іна Сушынская паказалі, што ўрок – гэта ўклад у будучыню. Яны натхнялі не словамі, а ўчынкамі, даказваючы, што сапраўдны настаўнік жыве сваёй справай.
Ангеліна Калатоўкіна са Слабадской БШ і Святлана Калеснікава даказалі, што сэнс не ў тым, каб знайсці, а ў тым, каб стварыць. І гэтая творчая ўстаноўка была відавочнай у кожным іх жэсце і кожным слове.
Навука і роднае слова
Дар’я Хадзюкова, настаўніца хіміі і біялогіі Мікіціхінскай СШ, разам з Марынай Мігуцкай паказала, што жыццё адно, і трэба пражыць яго, ідучы за сваімі жаданнямі. Іх выступленне было поўным глыбокай павагі да прыроды і навукі.
Асаблівае месца ў конкурсе заняў Арцём Бабаедаў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 2. Разам з Альбінай Шырокай ён нагадаў усім, што беларускае слова – не проста прадмет у школьным раскладзе, а жывая душа нацыі. Арцём упэўнена і натхнёна гаварыў пра тое, што настаўнік мовы вучыць бачыць прыгажосць у простых словах.
Фінал, які стаў пачаткам
Пераможцам конкурсу прафмайстэрства маладых педагогаў і іх настаўнікаў «Педагагічны старт» стала Юлія Сямёнава, дыплом ІІ ступені атрымала Ангеліна Калатоўкіна, дыплом ІІІ – Кацярына Лемяшова. Спецыяльнымі дыпломамі былі адзначаны Юлія Броўкіна і Аляксандра Шабанава.
Конкурс скончыўся, але яго энергія яшчэ доўга будзе жыць у сэрцах тых, хто стаў яго часткай. «Педагагічны старт» яшчэ раз паказаў, што прадстаўнікі сферы адукацыі раёна маюць моцны фундамент – гэта людзі, якія не баяцца эксперыментаваць, вераць у сябе і ў тых, хто ідзе побач. А настаўнікі, якія перадаюць свой вопыт, – гэта надзейны тыл, без якога немагчыма выхаваць новае пакаленне настаўнікаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО















