«Святлафор» з Мікіціхі лепш ведае правілы
Прадэманстраваць уменне працаваць у камандзе, эрудыцыю, кемлівасць і веданне правілаў язды на веласіпедзе – усё гэта трэба было вучням школ падчас раённага злёту-конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, які прайшоў у СШ № 1 г. п. Шуміліна.
«Каманды прыехалі на конкурс добра падрыхтаванымі, – адзначыў старшы дзяржінспектар ДАІ РАУС Віктар Бурлакоў. – Сёлета па ваджэнні веласіпеда дзеці прыемна здзівілі, асабліва сельскія школьнікі, яны дакладна пераадольвалі перашкоды». У асабістым заліку перамаглі Анастасія Сцержанькова і Паліна Чэкліна з Мікіціхінскай СШ, Мацвей Акуцёнак з Кардонскай СШ (каманда гэтай школы паказала лепшыя вынікі па ваджэнні веласіпеда) і Павел Баранаў з Обальскай СШ.
А вось тэарэтычны экзамен даўся дзецям не вельмі лёгка. Тым не менш знайшліся тыя, што ведаў тэорыю выдатна. У асабістым заліку перамаглі Мацвей Карага, Паліна Чэкліна і Віктар Веразубаў з Мікіціхінскай СШ, Аліна Зубарава з СШ № 2 г. п. Шуміліна. Першае каманднае месца ў «Святлафор» з Мікіціхінскай СШ.
Падчас конкурснага этапа на аказанне першай медыцынскай дапамогі вучні адказвалі, як правільна перабінтаваць параненага, накласці шыну, зрабіць штучнаедыханне. Лепшыя веды паказала каманда «Паварот» СШ № 1 г. п. Шуміліна, відаць, тут падрастаюць будучыя медыкі.
Агітацыйна-мастацкае выступленне было яркім, музычным і пазнавальным. Усіх абышла мікіціхінская каманда.
У конкурсе на лепшы плакат сацыяльнай рэкламы журы аддало першае месца камандзе «ДзвіжОк» Обальскай СШ – іх насценгазету палічылі самай інфармацыйна насычанай і цікавай.
Па выніках усіх конкурсаў першае месца прысуджана камандзе «Святлафор» з Мікіціхінскай СШ.
«Мы падраслі, сталі больш адказнымі і сур’ёзнымі, – падзяліўся камандзір каманды Мацвей Карага. – Падрыхтавалі візітку каманды, некалькі тыдняў практыкаваліся па ваджэнні на веласіпедзе, вучылі тэорыю. За падрыхтоўку мы вельмі ўдзячны нашым настаўнікам Сняжане Аляксандраўне Усавай і Васілю Анатольевічу Бекачу».
Другое месца атрымала каманда «Паварот» з СШ № 1, трэцяе – «ДзвіжОк» з Обальскай СШ.
Арганізатарамі раённага злёту-конкурс выступіла аддзялення ДАІ РАУС, РЦДіМ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзел па адукацыі райвыканкама. Пра падарункі пераможцам злёту паклапаціўся ЦБП № 204 ААТ «Белаграпрамбанк».
Каманда з Мікіціхі будзе абараняць гонар раёна ў рэгіянальным туры абласнога злёту-конкурсу ЮІД.
Ларыса ЗАЙЦАВА.





