Каханне за 1200 рублёў

Раман з ламбардам, крадзяжом і дзвюма крымінальнымі справамі
Гэту крымінальную справу з лёгкасцю можна назваць любоўным трохкутнікам (ён, яна і крымінал), у якім, праўда, толькі два чалавекі, але драмы хапае на цэлы серыял. 24-гадовая Кацярына і 35-гадовы Аляксей (імёны зменены па этычных меркаваннях) пазнаёміліся тры гады таму. Апошні год жывуць разам. І ў іх, як кажа Кацярына, моцнае каханне. Настолькі моцнае, што нават пасля двух злачынстваў яна працягвае яму дараваць.
Вясной Кацярына купіла сабе ноўтбук за 3100 рублёў. Дазволіла пакарыстацца Аляксею, хай паглядзіць кіно, можа, нават работу знойдзе. Аляксей ноўтбук узяў, падзякаваў і літаральна на наступны дзень здаў яго ў ламбард за 300. Увечары быў на добрым падпітку.
Калі надышоў час выкупляць ноўтбук, Аляксей прыйшоў да Кацярыны і прызнаўся. Тая паехала ў ламбард і выкупіла ноўтбук сама – за 800 рублёў. І даравала. Гэта была першая серыя.
Зусім нядаўна выйшла другая. Аляксей цішком забраў банкаўскую картку Кацярыны і за адзін дзень прапіў 400 рублёў. У той самы дзень «каханая» паехала ў Віцебск за абновамі. Калі прыйшоў час разлічыцца, на карце дастатковых сродкаў не было.
Калі Кацярына прыехала дадому, сужыцеля не было, затое пад дзвярыма ляжала яе картка… Толькі тады яна напісала заяву ў праваахоўныя органы.
Шумілінскі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу. Старшы следчы раённага аддзела Кацярына Каяновіч дзеліцца падрабязнасцямі:
– Узбудзілі дзве крымінальныя справы. Першая – крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Мужчына здымаў грошы з чужой банкаўскай карткі, выкарыстоўваючы тэрмінал. Другая – прысваенне ці растрата маёмасці, якая была перададзена ў часовае валоданне. Гэта пра той самы ноўтбук. З Аляксея ўзялі абавязацельства аб яўцы. Гэта значыць, ён не можа з’ехаць з Шуміліна і павінен рэгулярна з’яўляцца да следчага. На пытанне, ці шкадуе ён, мужчына адказаў коратка: «Вярнуў жа грошы». Сапраўды, вярнуў Кацярыне 1200 рублёў.
«Пацярпелая напісала заяву, але цяпер просіць не караць строга, – дадае Кацярына Каяновіч. – Згодна з заканадаўствам, мужчыну пагражае да пяці год пазбаўлення волі. Але калі бакі прымірыліся і шкода поўнасцю кампенсавана, суд можа гэта ўлічыць».
Гэта гісторыя яшчэ не скончана. Следства працягваецца.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
