Женщина-легенда. Герой труда Софья Пальвинская

Край шумілінскі Людзі і лёсы Общество

Сапраўданая сіла працы Соф’і Пальвінскай

Софья Пальвинская с первым секретарём Шумилинского райкома партии Ниной Сенчурой и ветераном Великой Отечественной войны Натальей Герман.

Свята працы – гэта не толькі пра календары і даты. Гэта пра людзей, якія ўсё жыццё трымаюць на сваіх плячах зямлю, гаспадарку, сям’ю, будучыню. І калі мы гаворым пра сапраўдную сілу працы, немагчыма не ўзгадаць Соф’ю Тарасаўну ПАЛЬВІНСКУЮ – жанчыну, чый лёс стаў сімвалам выключнай працавітасці і адданасці справе.

Сёлета Соф’і Тарасаўне споўнілася б 105 гадоў – і гэта нагода не проста ўзгадаць, а адчуць, якой вялікай і шматграннай была яе дарога.

Нарадзілася С. Т. Пальвінская ў 1921 годзе ў вёсцы Хвастова (цяпер тэрыторыя Шумілінскага раёна) ў звычайнай вясковай сям’і. У 16 гадоў дзяўчына ўжо ўзяла на сябе дарослую працу ў калгасе. Вучылася, расла, шукала сябе – і заўсёды заставалася там, дзе была патрэбна.

Падчас вайны Соф’я засталася на акупаванай тэрыторыі і дапамагала партызанам. Гэта быў выбар смелых. Пасля вызвалення не чакала лёгкіх часоў – пайшла аднаўляць калгас, разбураны вайной. Спачатку шчыравала ў паляводстве, потым была цялятніцай у калгасе імя Леніна. Ферма ў Смальках тады ледзь трымалася, але Соф’я змагла зрабіць немагчымае: ужо праз год маладняк прыбаўляў па 800 грамаў у суткі. Гэта быў сапраўдны прарыў, зроблены не словамі, а рукамі.

Яе поспехі заўважыла і ацаніла ўся краіна. Удзел у ВДНГ СССР, медалі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Леніна. А ў 1966 годзе – найвышэйшая ўзнагарода: званне Героя Сацыялістычнай Працы і залаты медаль «Серп і Молат». Але гэта не зрабіла яе ганарлівай. Яна заставалася простай, адкрытай, працавітай жанчынай. Соф’я Тарасаўна была не толькі працаўніцай, але і грамадскім лідарам: дэлегатам XXIII з’езда КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР  7-га склікання, членам райкама партыі. Яе паважалі, да яе прыслухоўваліся, яе слова мела вагу.

Пра асабістае жыццё С. Т. Пальвінскай вядома няшмат. Муж загінуў на вайне, і яна адна выгадавала дачку Ніну, якая стала настаўніцай.

Сёння, калі мы адзначаем Свята працы, гісторыя Соф’і Пальвінскай гучыць асабліва моцна. Яна нагадвае нам: праца – гэта не толькі абавязак, гэта подзвіг, які робяць звычайныя людзі. І менавіта такія людзі будуюць краіну.

У 1997 годзе ў нашым раёне была заснавана прэмія імя Героя Сацыялістычнай Працы Соф’і Пальвінскай. Штогод у Дзень маці яе прысуджаюць жанчыне, якая ўвасабляе лепшае, што ёсць у беларускіх жанчынах: працавітасць, сілу духу, адданасць радзіме, сям’і і дзецям.

Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *