Новыя памеры БПМ, даплат і дапамог
Май пачнецца з трох выхадных запар, а прадоўжыцца абнаўленнем сацвыплат, новымі правіламі и лімітамі. Сабралі галоўныя змены месяца.
Новыя памеры БПМ
З 1 мая ўступяць у сілу новыя памеры БПМ. Так, БПМ у сярэднім на душу насельніцтва складзе 509,62 рубля. Новыя памеры БПМ устаноўлены і для іншых сацыяльна-дэмаграфічных груп.
Даплаты да пенсій
З 1 мая таксама павышаюцца «ўзроставыя» даплаты да пенсій. Іх памер павялічыцца на 2,5% і складзе 95,56 руб. для людзей ва ўзросце 75-79 гадоў. Даплата пры наяўнасці інваліднасці 1-й групы складзе 222,97 рубля. Пры гэтым для людзей 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) паказчык будзе роўны 191,12 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці 1-й групы – 254,82 рубля.
Павелічэнне дзяржаўных дапамог
На 2,5% вырастуць і памеры дзяржаўных дапамог, якія вылічваюцца з БПМ, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Так, з 1 мая аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 5096,2 рубля (10 БПМ), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – 7134,68 рубля (14 БПМ).
Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 509,62 рубля (100% БПМ).
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складзе 50% БПМ, гэта значыць 254,81 рубля. Акрамя гэтага, з 1 мая павялічыцца штомесячная дапамога на дзяцей старэй за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, прадугледжаных заканадаўствам.
Новы памер штомесячнай дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных ВІЧ, роўны 356,73 рубля (70% БПМ).
Штрафы за прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцей
У Беларусі абнавілі нормы адміністрацыйнай адказнасці, якія тычацца распаўсюджвання матэрыялаў, звязаных з так званымі нетрадыцыйнымі каштоўнасцямі. Згодна з падпісаным 15 красавіка Прэзідэнтам Беларусі дакументам, за прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, педафіліі або адмовы ад нараджэння дзяцей цяпер прадугледжаны штраф да 900 рублёў, а калі такія дзеянні накіраваны на непаўналетніх – да 1350 рублёў. У якасці альтэрнатывы можа прымяняцца адміністрацыйны арышт.
Пачатак пляжнага сезона
З 1 мая афіцыйна адкрываецца купальны сезон у Беларусі і будзе доўжыцца да 30 верасня. Сёлета для адпачывальнікаў падрыхтуюць больш за 500 абсталяваных месцаў каля вады па ўсёй краіне. На афіцыйным пляжы абавязкова павінны быць прыбіральні, скрыні, кантэйнеры, кабінкі для пераапранання, ценявыя навесы або альтанкі. Таксама ў абавязковым спісе – інфармацыйныя стэнды з нумарамі тэлефонаў выратавальных службаў і правіламі паводзін.
Ліміты на наяўныя
Белаграпрамбанк з 1 мая ўводзіць ліміт на зняцце наяўных за межамі Беларусі. Максімум у суткі можна будзе зняць 10 тыс. руб. (у эквіваленце). Пры гэтым бескантактным спосабам можна будзе зняць не больш за 500 рублёў у дзень.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.

