80 год аптымізму
Райкам прафсаюза работнікаў АПК напярэдадні 1 Мая віншуе жыхароў раёна, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё Шуміліншчыны і адзначаюць у гэтым годзе юбілей. На днях в. а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Афанасьеў з цёплымі словамі віншаванняў і падарункам завітаў да былога дырэктара прадпрыемства меліярацыйных сістэм Валерыя ФІЛІПАВА.
Валерый Філіпаў і ў свае восемдзесят вялікі аптыміст. Кажа, што з’ездзіў у санаторый, падлячыўся і нібыта памаладзеў. Галоўнай для яго была і застаецца сям’я – жонка Раіса Уладзіміраўна, пяцёра дзяцей, дзесяць унукаў. Зараз ім удзяляе шмат вольнага часу, якога не хапала за працоўнымі буднямі, прызнае Валерый Леанідавіч.
Сваю працоўную біяграфію пачынаў брыгадзірам-механікам у Шумілінскай райсельгастэхніцы. Спецыялісты райкама партыі заўважалі талковага спецыяліста і накіравалі галоўным механікам у ПМК-25 (так раней называлася прадпрыемства меліярацыйных сістэм). Там Валерый узначаліў партыйную арганізацыю. Уважлівы да людзей, тактоўны, Валерый Філіпаў, за плячыма якога быў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі і сельскай гаспадаркі, хутка разабраўся ў нюансах меліярацыйнай работы і неаднойчы замяняў дырэктара ў час яго камандзіровак ці водпускаў. Таму калі ў 1988 годзе першы сакратар райкама партыі Уладзімір Пясоцкі прапанаваў на пасаду дырэктара ПМС Валерыя Філіпава, ніхто не быў здзіўлены. Хутчэй, наадварот – меліяратары чакалі гэтага, на сходзе прагаласавалі адзінагалосна. Гэта было прызнанне аўтарытэту і прафесіяналізму.
З чаго пачынаў кіраўніцтва? З парадку, дысцыпліны, бездакорнага тэхналагічнага працэсу. У той час прадпрыемства меліярацыйных сістэм працвітала, уладкавацца сюды многія шумілінцы лічылі за шчасце. Меліярацыйнае будаўніцтва, асушэнне каналаў, двухзменная работа карчавальнікаў – усё было арганізавана як след. Сталыя меліяратары і сёння яго згадваюць не толькі як талковага гаспадарніка, але і як душэўнага чалавека, які заўсёды ішоў насустрач людзям. У меліярацыі Валерый Філіпаў затрымаўся надоўга – адпрацаваў сорак гадоў. За сумленную работу неаднойчы быў узнагароджаны граматамі ЦК КПСС, мае таксама нагрудны знак «Ганаровы меліяратар».
Валерый Філіпаў – паляўнічы са стажам. Больш за дваццаць гадоў быў на грамадскай пасадзе – узначальваў раённы савет рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Зараз з сябрамі ездзіць паляваць на гусь і вальдшнэпа, а з кастрычніка займаецца калектыўным загонным паляваннем на дзіка, казулю, лася. З буйной здабычы можа пахваліцца дзіком больш чым на сто кіло.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


