«Работа ёсць кожны дзень, заробак прыстойны»
Добрыя ўмовы для работы і прыстойны заробак, прыгожы край, шчырыя людзі – так кажуць пра Шуміліншчыну жыхары Туркменістана.
15 грамадзян Туркменістана працуюць на ТАА «Вітконпрадукт» у Шуміліне. Некаторыя з іх тут ужо другі год. Яны аформілі неабходныя дакументы для работы, а кіраўніцтва прадпрыемства дапамагло падабраць жыллё са зручнасцямі ў аграгарадку Слабада і ў Віцебску – мігрантаў дастаўляюць на работу і дамой на аўтобусе прадпрыемства. Работадаўца нясе адказнасць за працоўных мігрантаў – кантралюе, як яны жывуць, ці захоўваюць парадак. Грамадзяне Туркменістана працуюць на раздзелцы кураціны, у забойным і каўбасным цэхах. Работа не з лёгкіх, увесь дзень на нагах. Але мігрантаў гэта не пужае, кажуць, што з дзяцінства прывыклі да фізічнай працы. Сямёра чалавек прыехалі з аднаго горада – Туркменабата. Калісьці іх знаёмыя працавалі ў Беларусі, вось і яны вырашылі падацца ў заробкі, бо ў іх родным горадзе на рынку працы напружана. Кіраўніцтва прадпрыемства выдала спецадзенне і спецабутак, у цэху ёсць пакой адпачынку з мікрахвалевай печкай і электрачайнікам, дзе можна паабедаць.
«Мы ўдзячны Прэзідэнту Беларусі, што маем магчымасць прыехаць працаваць у вашу краіну, тут спакойна і прыгожа, – адзначыла Алтын Джураева. – Кіраўніцтва цэха добрае, работай забяспечаны кожны дзень, заробкам задаволены. У Туркменабаце ў нас ва ўсіх засталіся сем’і, якім рэгулярна высылаем грошы. Напрыклад, у мяне двое дзяцей-школьнікаў. У Слабадзе, дзе мы жывём, нам падабаецца ўсё: людзі, прырода, азёры, якіх мы і не бачылі ніколі. Ежу гатуем з беларускіх прадуктаў – любім кураціну, сасіскі, тварожныя сыркі, ёгурты, булачкі. Ядзім усё, акрамя свініны». А яшчэ для жыхароў Туркменістана ў навінку беларуская марозная і снежная зіма. Не бачылі яны ніколі заснежаных дрэў, была нагода сфатаграфаваць такое дзіва на памяць і пераслаць родным.
СЛОВА – НАЧАЛЬНІКУ ЗАБОЙНАГА ЦЭХА ТАА «ВІТКОНПРАДУКТ» ПАЎЛУ ШУСТРОВУ:
– Мы задаволены работай працоўных мігрантаў. Не было такога, каб нехта без прычыны не выйшаў на работу ці быў заўважаны ў нядобрай гісторыі. Усе прыбылі з адной мэтай – добра працаваць і зарабіць грошай. Моўнага бар’еру не адчуваецца, бо многія нядрэнна размаўляюць на рускай мове. З шумілінцамі, з якімі працуюць на адной лініі, у іх склаліся цёплыя працоўныя адносіны. У бліжэйшы час мы чакаем на работу з Туркменістана яшчэ некалькі чалавек.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

