Жыве годна, па-афіцэрску
У абстаноўцы глыбокай павагі і ўдзячнасці прайшло ўручэнне нагруднага знака «За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» палкоўніку ў запасе Генадзю ШЫНКЕВІЧУ.
Высокую ўзнагароду ваеннаму, які даказаў вернасць прысязе, уручыла начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў маёр Наталля Банцэр.
Генадзь Канстанцінавіч Шынкевіч – не проста афіцэр. За плячыма ў яго 1987 год – пік ліквідацыйных работ на Чарнобыльскай АЭС. Разам з тысячамі савецкіх салдат ён штодня рызыкаваў здароўем і жыццём, каб закрыць радыяцыйную праблему і засцерагчы мільёны людзей.
На цырымоніі ўзнагароджання намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Вячаслаў Канашэнка падкрэсліў:
– Генадзь Канстанцінавіч, вы ліквідавалі наступствы аварыі на ЧАЭС. І рабілі годна, па-афіцэрску. Гэты знак – сімвал нашай агульнай памяці і прызнання вашай мужнасці перад Радзімай.
Маёр Наталля Банцэр дадала, што такія людзі, як Генадзь Канстанцінавіч Шынкевіч, з’яўляюцца жывым прыкладам для маладога пакалення абаронцаў Айчыны. Яна пажадала палкоўніку запасу моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і мірнага неба над галавой.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

