«Вішнёвы сад» у бібліятэцы: вечар для душы
Мінулы тыдзень у Беларусі завяршыўся рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыяй «Бібліяноч». Многія бібліятэкі расчынілі свае дзверы для літаратурных спатканняў.
Шумілінская раённая бібліятэка не стала выключэннем. Дарослая чытальная зала ў пятніцу ператварылася ў паэтычны эпіцэнтр, дзе размясціўся сапраўдны літаратурна-музычны салон «Вішнёвы сад». Гэта быў вечар для тых, каму дорага друкаванае слова, хто знаходзіць суцяшэнне ў рыфмах і не ўяўляе свайго жыцця без мелодыі душы.
Атмасфера сустрэчы зачароўвала з парога. На сталах гарэлі свечкі, ляжалі любімыя кнігі, водар гарачай гарбаты і смачных кандытарскіх пачастункаў раствараўся ў паветры і вельмі спрыяў размове па душах, а гасцей гасцінна сустракалі гістарычныя персанажы 19 стагоддзя: княгіня Зінаіда Валконская (намеснік дырэктара Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Зуева), князь Пётр Мяшчэрскі (работнік РЦК Андрэй Трафімаў) і княгіня Алена Паўлаўна (работнік РЦК Ілона Карнілава).
Вядучыя мерапрыемства падарылі ўдзельнікам неверагоднае падарожжа ў свет высокага мастацтва. Разам яны вялі свецкія размовы пра літаратурныя навінкі, успаміналі класікаў, гулялі ў «Салонныя гульні», спявалі песні, слухалі гукі жывых інструментаў у выкананні Алены і Віктара Скорынавых і, вядома, складалі і чыталі вершы. Для мастацтва не было моўнага бар’ера. Любімыя творы прагучалі на роднай беларускай, рускай і нават на французскай мовах. Яркім і душэўным чытаннем здзівіў самы юны наведвальнік літаратурнага салона Серафім Зуеў. Хлопчык прысвяціў свой верш і выступленне самаму дарагому і роднаму чалавеку – маме.
У Год беларускай жанчыны пра жаночую ролю і лёс нагадала ў вершы «Як шмат значаць жанчыны!» Святлана Архіпава.
Моцнае ўражанне пакінула пранікнёнае чытанне Святланай Сільчанка верша, які можа стаць дэвізам або пажаданнем – «Ганарлівым лягчэй – ганарлівыя не плачуць». Вялікай любоўю да роднай мовы напоўніла сэрцы Дыяна Кахтэнка, якая прачытала верш беларускага аўтара Яўгеніі Янішчыц «Пачынаецца ўсё з любові». Дыяна Іванаўна прапанавала зрабіць яшчэ адзін такі ж літаратурны вечар, але прысвяціць яго выключна беларускім аўтарам. Прапанову зала цалкам падтрымала.
Завяршылася сустрэча ў гасцях у кнігі памятнай фотасесіяй каля прыгожа аформленай фотазоны і выставы «Галасы Радзімы: ад мінулага да сучаснасці», якую падрыхтавалі бібліятэкары.
Бібліяноч у «Вішнёвым садзе» нагадала кожнаму прысутнаму пра тое, што ў стагоддзе лічбавых тэхналогій жывыя зносіны, шолах кніжных старонак і сустрэчы сярод сяброў-аднадумцаў – гэта сапраўдная раскоша, даступная тым, хто адкрыты гэтаму свету.
Дар’я ЧАПУРНОВА.




