Жывая сустрэча з прафесіяй
Другая прафарыентацыйная экскурсія старшакласнікаў з шумілінскіх СШ № 1, СШ № 2, а таксама Мікіціхінскай СШ у Віцебскую абласную клінічную бальніцу стала сапраўдным адкрыццём для будучых медыкаў. Мерапрыемства прайшло ў рамках прафарыентацыйнай работы, якую актыўна праводзіць аддзел па адукацыі райвыканкама сумесна з Шумілінскай ЦРБ і ўпраўленнем па ахове здароўя аблвыканкама.
Экскурсія атрымалася не проста аглядавай – яна была максімальна набліжана да рэальнай працы ўрачоў. Вучні трапілі ў аперацыйны блок, дзе назіралі за правядзеннем лапараскапіі, азнаёміліся з сучасным тэхналагічным абсталяваннем бальніцы: камп’ютарнымі тамографамі, рэанімацыйнымі сістэмамі.
Пасля вяртання хлопцы і дзяўчаты у адзін голас адзначылі, што фармат сустрэчы быў цікавым і вельмі інфармацыйным. Некаторыя заўважылі, што пачалі сур’ёзна разглядаць для сябе хірургію або анестэзіялогію. А яшчэ пасля экскурсіі рабяты адчулі павагу да працы медыкаў і яе вялікую адказнасць.
Прафарыентацыйны марафон не заканчваецца. На май запланаваны дзве паездкі шумілінскіх школьнікаў у медыцынскія ўстановы Віцебска.
СЛОВА – НАЧАЛЬНІКУ АДДЗЕЛА ПА АДУКАЦЫІ РАЙВЫКАНКАМА АКСАНЕ ТАЛСТОЙ:
– Наша задача – сумесна з Шумілінскай ЦРБ і галоўным упраўленнем па ахове здароўя аблвыканкама набраць матываваных дзяцей у медыцынскі клас, які з новага навучальнага года адкрыецца ў СШ № 1 г. п. Шуміліна. Такія жывыя сустрэчы з прафесіяй дапамагаюць вучням зразумець, ці гатовы яны звязаць сваё жыццё з медыцынай. Калі пасля экскурсіі ў дзіцяці гараць вочы – значыць, рухаемся ў правільным накірунку.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



