Сварка, нож і фатальны ўдар
Суд Шумілінскага раёна вынес прысуд па справе аб забойстве, учыненым жыхаркай райцэнтра ў студзені гэтага года.
У законную сілу ўступіў прысуд у дачыненні да 50-гадовай непрацуючай жыхаркі Шуміліна, прызнанай вінаватай у наўмысным пазбаўленні жыцця чалавека. Следствам устаноўлена, што ў студзені жанчына разам з сужыцелем і знаёмым сям’і на працягу сутак распівала спіртныя напоі – спачатку дома, затым у вёсцы ў сваяка знаёмага, а раніцай зноў у Шуміліне.
«У перыяд з 8 да 13 гадзін адбылося забойства, – расказала старшыня суда Шумілінскага раёна Ірына Жарава. – Жанчына ў стане алкагольнага ап’янення нанесла нажом адзін удар у вобласць сэрца знаёмаму сям’і. Сам момант удару яна не памятае, тлумачачы гэта моцным ап’яненнем. На кухні ў яе паўстаў канфлікт з сужыцелем з-за музыкі. Сам сужыцель сцвярджаў, што жанчына пайшла на яго з нажамі, але ён выйшаў у іншы пакой, а іх знаёмы паспрабаваў умяшацца – у гэты момант і быў нанесены ўдар. Пара выклікала хуткую дапамогу, але медыкі толькі канстатавалі смерць – яна наступіла з-за пашкоджання левага жалудачка сэрца. Абвінавачаная часткова прызнала віну, заявіўшы, што не жадала наступлення такіх наступстваў».
Суд Шумілінскага раёна прызнаў абвінавачаную вінаватай і прысудзіў яе да 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін утрымання пад вартай залічаны. Прысуд не быў абскарджаны і ўступіў у сілу 9 мая.
Трагедыя зноў пацвярджае: большасць цяжкіх злачынстваў здзяйсняецца на глебе п’янства.
Алена КАРПУШЭНКА.

