Средняя школа №2 имени А.И. Дубосарского г.п. Шумилино отмечает 70-летие

Главное Край шумілінскі Образование

Гісторыя,  якая пішацца на ўроках і перапынках

Сярэдняя школа № 2 імя А. І. Дубасарскага г. п. Шуміліна адзначае 70-годдзе.

Гэта гісторыя, напісаная настаўнікамі і вучнямі, якая працягваецца кожны дзень у класах, спартыўнай зале і на школьным двары.

АД  ПАЧАТКОВАЙ ДА СЯРЭДНЯЙ

У 1939 годзе ў Шуміліне пачалося будаўніцтва буйнога торфабрыкетнага прадпрыемства «Дабееўскі мох», прадукцыя якога прызначалася для Віцебскай ЦЭЦ. Гонарам торфапрадпрыемства стаў пасёлак з добраўпарадкаванымі дамамі, шырокімі вуліцамі. У час Вялікай Айчыннай вайны немцы поўнасцю спалілі і разбурылі будынкі. Пасля вайны будаўніцтва аднавілася. У кароткі тэрмін былі адноўлены торфабрыкетная фабрыка, жылыя дамы, магазін, дзіцячы сад і яслі, пабудавана школа. У 1956 годзе яна называлася Торфабрыкетнай пачатковай школай.

У 1957-м навучальным годзе школа стала сямігадовай, у 1959-м – сярэдняй і перайменавана ў Шумілінскую СШ № 2. Першы выпуск адбыўся ў 1962 годзе, у ім было 9 выпускнікоў.

У наступныя гады тэрыторыя школы павялічвалася, павялічвалася і колькасць пабудоў.

У 1992 годзе была адкрыта прыбудова, у якой былі вучэбныя класы, актавая зала і дапаможныя памяшканні.

У 2023 годзе адкрыта прыбудова, у якой зараз размяшчаюцца сталовая, спартзала і вучэбныя кабінеты.

У 2013 годзе ўстанове прысвоена імя А. І. Дубасарскага, што стала важнай падзеяй у яе гісторыі.

З 1956 года школа адправіла ў жыццё 63 выпускі. Яна перажыла шматлікія пераўтварэнні, але захавала галоўнае – вернасць традыцыям і імкненне да развіцця.

За сем дзясяткаў год школай кіравалі 16 дырэктараў. Яны назаўсёды ўвайшлі ў школьны летапіс: Карасёва Юлія Фёдараўна (1956-57 гг.), Асташонак Лідзія Захараўна (1957-60 гг.), Давыдзенка Дыяна Мікіцічна (1960-62 гг.), Жуклевіч Яўген Якаўлевіч (1962-66 гг.), Шчукін Барыс Захаравіч (1966-67 гг.), Яско Анатоль Піліпавіч (1967-76 гг.), Нетсьеў Анатоль Іванавіч (1676-78 гг.), Кандрацьеў Уладзімір Васільевіч (1978-84 гг.), Лукашоў Валерый Леанідавіч (1984-86 гг.), Зайцаў Мікалай Іванавіч (1986-90 гг.), Кірпічэнка Аляксандр Карпавіч (1990-97 гг.), Жураўлёва Ларыса Мікалаеўна (1997-2000, 20032005 гг.), Дзіковіч Валянціна Анатольеўна (2000-2003 гг.), Аляксееў Ігар Іванавіч (2005-2015 гг.), Кахтэнка Дзіана Іванаўна (2015-2016 гг.), Рагуновіч Жанна Іванаўна (з 2016 гг. і да сённяшняга дня).

СУЧАСНАСЦЬ:  ЛЮДЗІ , ЛІЧБЫ,  ФАКТЫ 

Сёння СШ № 2 – сучасная ўстанова адукацыі, у якой вучыцца 280 вучняў у 13 класах-камплектах. Таленавіты і прафесійны педагагічны калектыў забяспечвае якасную адукацыю і дапамагае кожнаму вучню рэалізаваць свой патэнцыял.

Педкалектыў школы – гэта галоўная каштоўнасць школы. Варта адзначыць такіх вопытных педагогаў, як Ала Анатольеўна Навуменка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, чыё прозвішча не раз было занесена на раённую Дошку гонару. Яе вучаніца Дар’я Калеснікава стала прызёрам абласнога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а сама настаўніца лічыць ключом да поспеху зацікаўленасць вучня, разуменне і падтрымку з боку настаўніка.

Сямейная дынастыя ФЕДЧАНКАЎ

Асаблівы гонар школы – педагагічныя дынастыі, калі выпускнікі вяртаюцца ў родныя сцены ўжо настаўнікамі. Яркі прыклад – сёстры Федчанкі.

Маргарыта Федчанка сёння працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Яна не проста выконвае адміністрацыйныя абавязкі – яна душой хварэе за кожнае мерапрыемства, за кожнага вучня. Яна робіць школьнае жыццё яркім, насычаным і цікавым.

Людміла Федчанка – педагог-арганізатар. Гэта той чалавек, які стаіць за кулісамі школьных святаў, конкурсаў, спаборніцтваў. Яе энергія і творчы падыход дапамагаюць вучням раскрываць свае таленты.

«Маргарыта і Людміла Федчанкі – не адзіныя нашы выпускніцы, якія зараз працуюць у школе, – дадае Жанна Рагуновіч. – Нашу школу закончылі і зараз тут працуюць настаўнік пачатковых класаў Ірына Качан, настаўнік замежнай мовы Вікторыя Вінаградава, сацыяльны педагог Аксана Лашкова, настаўнік хіміі Марыя Арлова».

ВЫПУСКНІКІ,  ЯКІЯ  ПРАСЛАЎЛЯЮЦЬ   ШКОЛУ

– Нашу школу з лёгкасцю можна назваць кузняй кадраў для раёна, – з гонарам адзначае дырэктар установы. – Прычым, кузняй кіраўнікоў.

Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі – кіраўнікамі ўстаноў і прадпрыемстваў нашага раёна:

галоўны рэдактар газеты «Герой працы» Алена Карпушэнка (Ратнікава), выпускніца 1992 г.;
галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч (Волкава), 1994 г.;
начальнік аддзела статыстыкі Шумілінскага раёна Таццяна Лапавухава (Лялюга), 1994 г.;
дырэктар Шумілінскай ПМК-70 Аляксей Крыўко, 1995 г.;
начальнік Шумілінскага ўчастка электрасувязі РУП «Белтэлекам» Юрый Маскалькоў, 1996 г.;
дырэктар ТЦСАН Таццяна Донюш (Шэдзько), 1996 г.,
начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Зянькова (Слямнёва), 1997 г.;
начальнік участка паштовай сувязі Шуміліна Алеся Новікава (Белюсева), 1997 г.;
начальнік Шумілінскага РЭС Уладзімір Волкаў, 2000 г.;
начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шаўнёва (Гусакова), 2003 г.;
загадчыца Шумілінскага дзіцячага сада № 1 Кацярына Рабушава (Прытулік), 2004 г.;
начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Алеся Шавяка (Аўтушка), 2006 г.;
першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава (Бяляева), 2016 г.

Многія нашы выпускнікі праслаўля юць раён у розных сферах, так, напрыклад, Наталля Сцержанкова (Бумажэнкава) – народны майстар Беларусі па саломапляценні, Святлана Бараноўская – майстар спорту, чэмпіёнка Еўропы і шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету па вавінам в’ет во дао.

СЛОВА – ВЫПУСКНІКАМ

Святлана ЛІНКЕВІЧ:
– Дарагія мае настаўнікі, родная школа і ўсе, хто робіць гэты дом утульным і светлым! Сем дзесяцігоддзяў… Для гісторыі гэта, магчыма, толькі імгненне, але для чалавечых лёсаў – цэлае жыццё. Менавіта тут, за гэтымі сценамі, мы вучыліся не толькі пісаць і лічыць, але і перамагаць страх, сябраваць, не здавацца і верыць у сябе.

Сёння я звяртаюся да вас не проста як былая выпускніца, якая з замілаваннем успамінае свой першы званок. Я гавару як галоўны ўрач раёна. Медыцына і адукацыя ідуць поплеч. Кожны дзень, гледзячы на сваіх калег, я разумею: нашы школьныя педагогі – таксама лекары. Толькі лечаць яны не цела, а душу. Сваім цярпеннем, дабрынёй і мудрасцю вы «ставіце на ногі» характары, прывіваеце галоўную прышчэпку – ад абыякавасці і ляноты.

Я жадаю табе, мая школа, моцнага «здароўя» на наступныя 70 гадоў! Няхай у тваім арганізме – у кожным класе і калідоры – заўсёды будзе парадак. Няхай тваё сэрца – калектыў – працуе без перабояў і рытмічна, а маладое пакаленне, як здаровая кроў, дае энергію для новых здзяйсненняў. Дзякуй за дзяцінства, за веды і за тое, што я з гонарам кажу: «Я з гэтай школы».

Юрый МАСКАЛЬКОЎ:
– Дарагая мая школа! Сёння табе 70. Для мяне гэта не проста лічба. Гэта маё дзяцінства, мае першыя настаўнікі, мае сябры, з якімі мы бегалі па школьных калідорах.

Я ўспамінаю, як хваляваўся перад першым вераснем, як трымаў маму за руку і баяўся ўвайсці. А потым школа стала маім другім домам. Тут навучылі разумець, што такое дабрыня, абавязак, любоў да малой радзімы. Настаўнікі заўсёды гаварылі: «Куды б вы ні паехалі, не забывайце, адкуль вы родам». І я ім удзячны за гэтыя словы. Бо я не паехаў. І многія мае аднакласнікі, многія выпускнікі школы засталіся тут, у раёне. Працуюць на зямлі, у бальніцах, у школах, на прадпрыемствах. Я сам узначальваю ўчастак электрасувязі – і ведаеце, для мяне гэта шчасце: працаваць для сваіх, для тых, каго ведаеш з дзяцінства.

Сёння я гляджу на школу і бачу, што яна не пастарэла. Наадварот. Дзякуй табе, родная школа, за тое, што выхавала ў нас павагу да сваёй зямлі. Я ганаруся, што я твой выпускнік. З юбілеем! Жыві доўга, выхоўвай новых грамадзян, якія будуць любіць свой край так моцна, як любім мы.

СШ № 2 г. п. Шуміліна працягвае свой шлях, застаючыся домам, дзе выхоўваецца будучыня.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *