Справаздачны дэбют эстраднай студыі
Яркая падзея адбылася ў першы дзень лета на танцавальнай пляцоўцы ў гарадскім парку Шуміліна – удзельнікі ўзорнай эстраднай студыі «Асарці» Шумілінскага РЦК прадставілі свой першы справаздачны канцэрт.
Праграма пад сімвалічнай назвай «Карусель мелодый» стала для калектыва не проста падвядзеннем вынікаў года, а сапраўдным гімнам музыцы і дзяцінству.
Падтрымаць рабят, паслухаць і ўбачыць усё «ўжывую» прыйшлі бацькі, настаўнікі, сябры. Удзельнікі прадэманстравалі ўпэўненасць на сцэне і зладжаную работу ў калектыве. Гледачы падтрымлівалі артыстаў апладысментамі на працягу ўсёй праграмы.
Эстрадная студыя «Асарці» актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна і прадстаўляе свае нумары на рэгіянальных і абласных конкурсах, дабрачынных канцэртах, фестывалях і гарадскіх святах. За кожным яркім выступленнем і поспехамі юных артыстаў стаіць велізарная праца педагогаў. Менавіта яны вучаць адчуваць рытм, трымацца на сцэне, развіваюць музычны слых і сцэнічную культуру.
Ва ўзорнай эстраднай студыі «Асарці» такі творчы тандэм – кіраўнік Наталля Філіпава, хормайстар Святлана Марціненкава і харэограф Дар’я Сцяпанава – дазваляе выхоўваць сапраўдных артыстаў, якія здольныя не толькі спяваць, «Асарці» але і рухацца, ствараць цэласны нумар. Карпатлівая праца гэтых спецыялістаў –штодзённыя заняткі, падбор рэпертуару, пастаноўка галасоў і танцаў, праца над памылкамі. Іх прафесіяналізм і адданасць справе – галоўныя складальнікі поспеху ўсяго калектыву.
Завяршэннем канцэрта стала агульнае выступленне ўсіх удзельнікаў з фінальнай песняй «Мір вашаму дому».
Відавочна, што студыя «Асарці» зрабіла вялікі крок наперад. Першы справаздачны канцэрт стаў не проста экзаменам, а сапраўдным трыумфам як для вучняў, так і для іх настаўнікаў. Віншуем з годным дэбютам і жадаем новых яркіх выступленняў і творчых перамог!
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт

