5 июня — День охраны окружающей среды. Актуальное интервью с экологом Ириной Близнец

2026 - Год белорусской женщины Главное Общество Экология

«Экалогія – гэта пра любоў і адказнасць»

5 чэрвеня ў Беларусі адзначаюць Дзень эколага – прафесійнае свята ўсіх, хто штодня клапоціцца пра прыроду. Менавіта ў гэты дзень у 1972 годзе пачала работу Стакгольмская канферэнцыя па праблемах навакольнага асяроддзя, якая дала старт стварэнню Праграмы ААН па навакольным асяроддзі.

Напярэдадні свята мы пагутарылі з галоўным спецыялістам Шумілінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ірынай БЛІЗНЕЦ – пра яе шлях у прафесію, экалагічныя праблемы раёна і пра тое, што натхняе ў рабоце.

ШЛЯХ   У   ЭКАЛОГІЮ

– Ірына Георгіеўна, як вы прыйшлі ў прыродаахоўную сферу? Гэта была мара ці выпадковасць?

– У маім выпадку экалогія сама мяне знайшла. Гэта здарылася ў ліпені 2011 года – 15 гадоў таму. Я нават не думала, што буду працаваць у гэтай сферы. Спачатку было страшнавата, але літаральна з першых дзён я адчула: гэта маё. Мне падабаецца, што тут няма руціннай «папяровай» прывязкі, кожны дзень – новы.

– Якія якасці, на ваш погляд, неабходныя эколагу?

– Перш за ўсё – любоў да прыроды. Потым – дабрыня і ўнутраная правільнасць, пачуццё справядлівасці. Але пры гэтым трэба быць цвёрдым і непахісным: нават калі парушальнік слёзна просіць «я больш не буду», эколаг абавязаны дзейнічаць па законе. І важна зрабіць гэта так, каб чалавек не адчуў прыніжэння, але зразумеў: з прыродай так нельга. Прыемна, што большасць парушальнікаў не вяртаюцца да нас паўторна.

ГАЛОЎНЫЯ   ВЫКЛІКІ

– Калі б можна было адным шчаўчком пальцаў вырашыць адну экалагічную праблему раёна – што б вы выбралі?

– Безумоўна, праблему з адходамі. І ў арганізацыях, і сярод насельніцтва. Людзі часта не ўсведамляюць, якую шкоду наносяць, ствараючы несанкцыянаваныя звалкі. Гэтыя парушэнні сустракаюцца так часта, што я магла б напісаць пра іх цэлую міні-энцыклапедыю.

Ёсць і сезонныя парушэнні – напрыклад, паркоўка транспарту бліжэй чым за 30 метраў ад возера ці рэчкі. Але тут сітуацыя палепшылася: калі раней за сезон было да сямі выпадкаў, то апошнія два гады – адзін. Прафілактыка працуе: людзі пачалі думаць перад тым, як нешта зрабіць. У гэтым заслуга і эколагаў, і друкаваных СМІ, і інтэрнэту.

Асобна адзначу інвазіўныя віды раслін. Баршчэўнік Сасноўскага цяпер амаль не сустракаецца ў прыватным сектары – пераважна толькі на землях сельгаспрадпрыемстваў. А вось сумнік канадскі (золотарник – рус.), на жаль, многія сталыя людзі ўсё яшчэ садзяць «для прыгажосці» каля сваіх дамоў і на могілках, што забаронена. Дарэчы, з 18 чэрвеня ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях уводзіцца асобны артыкул, дзе за падобныя дзеянні будзе прадугледжаны штраф.

На мой погляд, галоўная праблема – нізкі ўзровень экалагічнай адказнасці і ведаў. Людзі часта не задумваюцца пра наступствы сваіх учынкаў. А мы проста абавязаны захаваць для наступных пакаленняў прыроду такой, якой атрымалі ў спадчыну.

ПРАЦОЎНЫЯ   БУДНІ

– Ваш рабочы дзень больш падобны на дэтэктыў, прыгоды ці марафон?

– Усё разам! У эколага кожны дзень непрадказальны. Можа паступіць званок – і ты ўжо едзеш з «дзяжурным чамаданчыкам», у якім пратаколы, павесткі, вытрымкі з Кодэкса, фотаапарат, пальчаткі… Па дарозе могуць сустрэцца козы, зайцы, лісы. На шчасце, мядзведзя пакуль не бачыла. Самыя прыемныя моманты – калі праязджаеш па раёне і бачыш некранутыя куткі прыроды.

ПОСПЕХІ

– Які вынік сваёй работы вы лічыце найбольш значным?

– Лічу, што ўсё галоўнае яшчэ наперадзе. Я не ганюся за ўзнагародамі, мне важна атрымліваць задавальненне ад работы. Але, вядома, прыемна, калі тваю працу заўважаюць. Вясной я атрымала Падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь – гэта стала для мяне стымулам развівацца далей. Асабліва цёпла, што маім поспехам шчыра радуюцца муж і дачка – мая апора і падтрымка, мой надзейны тыл.

БУДУЧАЕ

– Які праект вы б рэалізавалі, калі б бюджэт быў неабмежаваны?

– У сферы развіцця турызму. У нас шмат асабліва ахоўваемых тэрыторый, і хочацца зрабіць іх прывабнымі для гасцей: абсталяваць месцы адпачынку, стварыць умовы для пражывання, распрацаваць унікальныя туры.

ПАРАДА   І   АСАБІСТЫЯ  ЭКАЗВЫЧКІ

– Што б вы параілі навічкам, якіх палохаюць першыя справаздачы на сто старонак?

– Першая справаздача заўсёды самая цяжкая. Але ўсё часова – і ўсё магчыма.

– Ірына Георгіеўна, якія эказвычкі вы набылі дзякуючы рабоце?

– Раздзельны збор адходаў – гэта ўжо аўтаматычна. У мяне ёсць асобныя пакеты для пластыку, шкла і іншых другасных рэсурсаў. З дзяцінства прывучана не кідаць смецце міма сметніцы. І, вядома, азеляненне – люблю кветкі, і дома, і на рабоце іх шмат. З задавальненнем удзельнічаю ў азеляненні – пасадках дрэў і кустоў. Сёлета мы высадзілі елкі каля Вялікага валуна ў Горках – для мяне гэта і прыемна, і важна, і экалагічна.

– Дзякуй вам за шчырую размову. Поспехаў у прафесіі!

Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *