Гародна – месца сілы і добрага настрою
Назва гэтай вёскі сугучная са словам «горад». Мясцовыя дачнікі жартуюць, што ўсявышнім загадзя было запланавана, што ў Гародна будуць прыязджаць гараджане, будавацца тут, наводзіць парадак, аднаўляць вёску. І жадаючых з кожным годам становіцца ўсё больш. Гародна – дачная вёска, яна прыцягвае людзей сваёй прыгажосцю, азёрамі, лесам і цішынёй.
Ад аграгарадка Амбросавічы роўны бальшак вядзе да Гародна. На легкавушцы пяць кіламетраў здаюцца дробяззю, а вось пешшу ходзяць сюды адзінкі. Усе дачнікі з аўтамабілямі, а ў каго на рамонце, дык стараюцца прыехаць сюды па пятніцах, суботах, ня дзелях ці аўторках, калі праз вёску праходзіць рэйсавы аўтобус Шуміліна-Пятніцкія.
Гародна – вёска вялікая, працягласцю каля кіламетра. Па абодвух баках вуліцы размешчаны дамы: драўляныя, цагляныя, абабітыя сайдынгам, шчытавыя, аднапавярховыя і двухпавярховыя. Старэйшына вёскі Зоя Шпыркіна расказала, што зараз у вёсцы налічваецца 28 дачных дамоў. Пераважна тут жывуць віцябляне, ёсць дачнікі з Шуміліна, Мінска, Пецярбурга і Масквы.
НЕ ПАКІДАЕ ХАТУ БАЦЬКОЎ
Рыгора Іваноўскага з жонкай Галінай заспелі на агародзе. Рыгор касіў траву – з ручной касой упраўляўся зайздросна. «Я ж вырас у Гародне, усю сялянскую работу ведаю, – усміхнуўся гаспадар. – І цяпер не пакідаем хату бацькоў: даглядаем агарод, яблыневы сад. Гэта месца сілы і настрою. На заслужаным адпачынку лепш жыць у вёсцы, чым на асфальце ў Віцебску».
Рыгор Васільевіч прыгадаў, што ў вёсцы калісьці была пачатковая школа. А працавалі там мясцовая настаўніца Зінаіда Рыгораўна Атрашкова і дырэктар Канстанцін Якаўлевіч Шумілаў. Большасць гародненцаў працавала ў мясцовым калгасе «Праўда». Тут была малочнатаварная ферма на дзвесце галоў, цялятнік, свінаферма.
Што тычыцца гісторыі вёскі, дык з расказаў бацькоў Рыгор Іваноўскі ведае, што тут даўней жыў мясцовы пан Шабура. І ў яго бабуля Рыгора некаторы час працавала поварам.
У ГАРОДНЕ РАСТУЦЬ КАВУНЫ І ДЫНІ
Вольга Казлова прыязджае на дачу ў Гародна з Віцебска не толькі з-за свежага паветра, але і таму, што тут азёры. Муж – рыбак, ловіць тут акунёў, лінёў, падлешчыкаў, плотак, шчупакоў (самы вялізны пацягнуў больш як на тры кг). Сяброўка Святлана, таксама заядлая рыбачка, кажа, што прыгажэй месца на зямлі, чым Гародна, не бачыла.
З гэтым згодны і Аляксандр Карповіч з Віцебска, які тут трымае дачу больш за дваццаць гадоў. Прыязджае сюды не толькі адпачываць, але і вырошчваць баклажаны, дыні і кавуны ў парніку. «На расаду сею ў вазоны ў сярэдзіне красавіка, а высаджваю ў парнік у канцы мая-пачатку чэрвеня, – падзяліўся сакрэтам Аляксандр Аляксандравіч. – Спяшацца нельга, бо яшчэ ў пачатку лета могуць быць замаразкі, а іх паўднёвыя культуры не пераносяць. Гатункі насення купляю раннія – кавун “цукровы малыш”, дыню “карамелька”. У мінулыя гады выраслі вялікія і салодкія. Спадзяюся на ўраджай і сёлета».
«ГАЛОЎНЫМ ДЛЯ МЯНЕ БЫЎ БЕРАГ ВОЗЕРА»
Масквічоў у дачных дамах мы не заспелі, яны бываюць тут наездамі. А вось Валерый Лысенка з Пецярбурга быў у сваім двухпавярховым асабняку, які ўзвёў некалькі гадоў таму і цяпер робіць унутраны рамонт. Фатаграфавацца гаспадар адмовіўся, але ахвотна расказаў пра сябе. «Калі выбіраў участак для будаўніцтва дома, галоўным для мяне быў бераг возера, – падзяліўся ён. – У Расіі такіх не знайшоў, вось і прыехаў у беларускае Гародна. Зараз аздабляю сцены дэкаратыўным бетонам, зрабіў драўляныя дзверы ў пакоях. Я будую дом, а жонка зарабляе грошы ў Пецярбургу, вось так і жывём».
БУДАЎНІЦТВА ПРАЦЯГВАЕЦЦА
У Ірыны Іванаўны і Віктара Міхайлавіча Дзяцел дом даўно пабудаваны. Двухпавярховы, з электраацяпленнем, каналізацыяй і іншымі дабротамі. Участак дастаўся Ірыне ў спадчыну ад бабулі, тут і пабудаваліся. Раней былі ў Гародне наездамі, а зараз часта, бо выйшлі на заслужаны адпачынак. Абодва любяць лавіць рыбу – за гэтым заняткам іх і заспелі. Сям’я Дзяцел выкупіла ў вёсцы яшчэ ўчастак, пабудавалі на ім гасцявыя домікі і гадоў сем займаліся аграэкатурызмам. Цяпер здаюць памяшканне на беразе возера ў арэнду.
Зараз дабудоўваюцца яшчэ два панэльныя дамы на беразе возера. Рабочыя, якія тут працуюць, расказалі, што гаспадар з Мінска мае такія дамы для здачы турыстам на беразе возера Нарач. Цяпер вось будуць і на беразе Гародна. Непадалёк узведзена двухпавярховая лазня, даводзіцца да ладу веранда.
УМОВЫ ЖЫЦЦЯ Ў ВЁСЦЫ ДОБРЫЯ
Святлана Васілеўская з Віцебска адрамантавала ў Гародне бабулін дом і жыве тут і зімой. Нядаўна купіла ў лясгасе прычэп дроў, пакалоць пры едзе сын. Жанчына кажа, што ўмовы жыцця ў вёсцы вельмі добрыя: два разы на тыдзень прыязджаюць аўталаўка і паштовая машына. Прадуктаў прывозяць уволю, так што выязджаць нікуды не трэба. Задаволена і мабільным ФАПам – можна і ціск памераць, і таблеткі купіць. Непакоіць жанчыну тое, што непадалёк нейкі чалавек купіў дом, але і вачэй сюды не кажа – вакол пасяліўся быльнёг. Не вельмі падабаецца і тое, што праз вёску ездзяць на кар’ер ва Улазавічы вялікагрузныя машыны – разбіваюць дарогу.
Любоў Іванова, якая жыве непадалёк, прыехала на дачу з двума катамі – Маркізам і Кір’янам. Асвоіла трымер, і цяпер для яе нічога цяжкага ў гэтай справе няма.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
З ГІСТОРЫІ
Пра год з’яўлення Гародна канкрэтных звестак не захавалася. Праўда, першыя звесткі пра вёску ёсць з 1618 года. У планах генеральнага межавання 1785 г. згадваецца Гародня – «Сяльцо з вёскамі гарадавога сакратара Францішка Рыгорава сына княжніна і шляхціча Ладовіча». Вядома, што ў 1906 годзе тут быў маёнтак, які належаў праваслаўнай дваранцы Марыі Калчаноўскай. А вёска тады адносілася да Полцеўскага прыходу Лескавіцкай воласці.
ЦІКАВЫЯ ЗВЕСТКІ ПРА ГАРОДНА
У вёсцы два возеры: Гародна і Сосна. Максімальная глыбіня апошняга –амаль 23 м, плошча – 0,71 кв. км.
Возера Сосна – гідралагічны заказнік, тут забаронена выкарыстоўваць плавальныя сродкі з маторам.
У Гародне 6 калонак, некаторыя дачнікі выкапалі індывідуальныя калодзежы.
Толькі на двух дачных падворках трымаюць курэй.
У Гародне захавалася алея лістоўніц і ліп былой панскай сядзібы.
Самы старэйшы дачнік размяняў восьмы дзясятак, маладзейшаму – больш за сорак гадоў.
Дзесяць дачнікаў маюць лодкі (гумавыя і драўляныя).
Свабодны ўчастак быў прададзены на аўкцыёне 8 мая бягучага года, ёсць яшчэ два, якія можна набыць для будаўніцтва.
У Гародна прыязджаюць дачнікі з Віцебска, Шуміліна, Мінска, Масквы, Пецярбурга.
На сённяшні дзень у вёсцы два свабодныя дамы.











