Самы малады аграном у раёне
Ёй – толькі дваццаць, і за яе спінай – магутныя трактары на палетках. Лізавета Шчарбіна – самы малады ў раёне аграном. Дзяўчына падзялілася першымі ўражаннямі ад працоўных будняў.
Пасля заканчэння Лужаснянскага каледжа ў сакавіку ў Лізаветы была магчымасць месяц адпачываць пасля вучобы і экзаменаў. Але дзяўчына выбрала работу. У свой час яна пакарысталася мэтавым накіраваннем на вучобу ад райсельгасхарчу, вярнулася ў раён, дзе яе размеркавалі аграномам‑ аграхімікам на ўчастак Шуміліна КУСГП «Ульскі». Прыступіла да работы ў самы прыпар, у пасяўную.
Першыя дні былі азнаямляльнымі: з калектывам, палеткамі, абавязкамі. Першае поле, на якое паехала, былі Красналукі, дзе на трактары «Беларус‑2522» працаваў вопытны механізатар Аляксандр Вяеўнік. Малады аграном праверыла глыбіню закрыцця глебы і засталася задаволенай: усё адпавядае норме, як і вучылі ў каледжы. Лізавета вучылася добра, і яе ўзялі ў групу на абучэнне на катэгорыю В (легкавы аўтамабіль) і С (трактарыст‑машыніст). Не дзіўна, што ёй было цікава самой сесці за руль МТЗ і падрыхтаваць культыватарам да сяўбы невялікі ўчастак поля. Аляксандр Вяеўнік толькі усміхаўся: дапытлівы аграном прыехаў, толк будзе!
«Мая зона адказнасці – угнойванне палеткаў, дастаўка тукаў, пратручванне насення, забеспячэнне ўмоў для мінеральных угнаенняў, ахова ўсходаў ад хвароб, – расказала Лізавета Шчарбіна. – Бываю не толькі на палетках, але і на фермах. Мне цікава, як і чым харчуецца жывёла, якой якасці кармы былі нарыхтаваны летась. У калектыве прынялі цёпла, усе спецыялісты дапамагаюць. Настаўнікам з’яўляецца галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Станіслававіч Баранаў, пераймаю ў яго вопыт».
Лізавета родам з Шуміліна, жыве разам з бацькамі. Атрымала пад’ёмныя ад гаспадаркі, штомесячна, як маладому спецыялісту, ёй даплачваюць да зарплаты адну базавую стаўку (297 рублёў). Абяцаюць выдзеліць асобнае арэнднае жыллё ў райцэнтры. На пытанне, якія планы, дзяўчына адказала: «Абавязкова застануся! Без варыянтаў. Я для таго і вучылася, каб працаваць на шумілінскай зямлі».
СЛОВА – ДЫРЭКТАРУ ДЫРЭКТАРУ КУСГП «УЛЬСКІ» УЛАДЗІМІРУ КАСЦЮКОВУ:
– Мы вельмі задаволены работай маладога спецыяліста Лізаветы Шчарбіной. Добрая тэарэтычная база, любоў да зямлі, мэтанакіраванасць дапамагаюць Лізавеце асвойвацца ў прафесіі. Малады спецыяліст цікаўны, энергічны, мабільны, гарыць жаданнем працаваць і спасцігаць новае.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

