Энергія маладосці юных будаўнікоў
У Шумілінскай ПМК‑70 пачаў работу студатрад «Энергія маладосці» імя Героя Савецкага Саюза М. А. Ласкунова». Як расказала першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава, у атрадзе 5 васьмікласнікаў з шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2.
Галоўны інжынер ПМК‑70 Раман Карасёў адзначыў, што будаўнікам зараз вельмі неабходны дадатковыя рукі, бо лета – час асноўных аб’ёмаў для прадпрыемства.
«Са студатрадамі працуем не першы год. Моладзь з задавальненнем працуе на будоўлі. Студатрад для іх – магчымасць і зарабіць грошай, і навучацца будаўнічым спецыяльнасцям, – расказаў Раман Васільевіч. – Таксама да нас уладкоўваюцца падлеткі і індывідуальна. Так, зараз трое падлеткаў працуюць на аб’ектах».
У ПМК‑70 адразу вырашылі, што студатрад будзе працаваць на будаўніцтве шматкватэрнага дома ў Гарадку. Тым больш, што і старшы прараб Аляксандр Багданаў там вопытны, які не першы год працуе са студатрадаўцамі.
«Талковыя хлопцы, – кажа сам Аляксандр Багданаў. – У асноўным працуюць у брыгадах аддзелачнікаў. Асноўная іх дапамога ва ўборцы будаўнічага смецця, дапаможных работах. Пры жаданні могуць пад наглядам вопытных і сценку выраўняць ці атынкаваць. Галоўнае, каб было жаданне».
На днях разам з першым сакратаром райкама ГА БРСМ Вікторыяй Ратнікавай, намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Юліяй Уласевіч і галоўным спецыялістам райсельгасхарчу Аленай Цурбелёвай наведалі будаўнічы аб’ект у Гарадку.
«А што летам проста сядзець без справы? – пачалі гутарку студатрадаўцы. – Сябры, якія раней працавалі ў ПМК‑70, расказалі, што тут, калі добра працуеш, можна зарабіць добрыя грошы. Стараемся». Кірыл Рыжанкоў і Дзяніс Данчанка адзначылі, што работа па сілах плюс пад пастаянным наглядам у старэйшых калег. Арцём Шаціла, Цімафей Арцёменка і Захар Мацюшкоў сказалі, што дома могуць дапамагаць з будаўнічымі работамі.
Студатрад у Шумілінскай ПМК‑70 будзе працаваць усё лета.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

