Женщины-легенды Шумилинщины. Женское лицо Великой войны: «Мы выстояли, и дошла я до Берлина

2026 - Год белорусской женщины Беларусь помніць Край шумілінскі Людзі і лёсы Общество

«Мы выстаялі, і дайшла я ад Сталінграда да Берліна»

У той далёкі 1942-гі год з Новасібірскай вобласці на Вялікую Айчынную вайну прызываліся 60 дзяўчат – медсясцёр медыцынскай службы, да Берліна дайшлі толькі дзве. Сярод іх – былая жыхарка Шуміліна гвардыі лейтэнант медыцынскай службы Ганна Купрыянаўна Лосева (Стойлік).

Сібірачка – гэта значыць вынослівая і смелая

Ганна Стойлік нарадзілася 6 лютага 1921 года ў вёсцы Пакроўка Чыстаазёрнага раёна Новасібірскай вобласці. Закончыла Пакроўскую сямігодку і паступіла ў Омскае медыцынскае вучылішча. Пасля вучобы па размеркаванні трапіла ў Іванаўскую ўчастковую бальніцу Калачынскага раёна Омскай вобласці, працавала акушэркай. Камсамолка, актывістка, яна ў маі 1942 года пайшла ў Калачынскі райваенкамат і дабравольцам папрасілася на фронт. 21-гадовай дзяўчыне не адмовілі, бо медработнікі на фронце былі вельмі патрэбныя.

Трапіла спачатку ў 308-ю стралковую дывізію. Ваявала ў складзе 1-га Беларускага фронту, была камандзірам санітарнага ўзвода 1-га стралковага батальёна 336-й гвардыі стралковага палка 120-й гвардыі стралковай дывізіі.

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі захаваліся кароткія ўспаміны Ганны Лосевай, з якімі яна выступала падчас сустрэчы ветэранаў у райкаме КПБ з кіраўніцтвам раёна: «Зусім дзяўчом пайшла на фронт. Нашу дывізію, якая была сфарміравана ў Омску, кінулі пад Сталінград. Залічылі мяне спачатку ў стралковы батальён санінструктарам, а пасля некалькіх баёў – камандзірам санітарнага ўзвода. Баі ў Сталінградзе былі жорсткія. Але мы выстаялі, і дайшла я ад Сталінграда да Берліна». Самае цікавае – Ганна, якая дайшла да будынка рэйхстага праз цяжкія гады баёў, пакінула там свой аўтограф, напісала на сцяне: «Ганна-сібірачка». Менавіта так як клікалі ў атрадзе. Сібірачка – гэта значыць вынослівая, моцная і смелая, як і яе землякі.

Кавалер ордэна  Чырвонага Сцяга

Жорсткія і кровапралітныя баі былі ў кастрычніку-снежні 1942 года. Узвод Ганны Стойлік складаўся ўсяго з шасцярых медсясцёр, яны за два тыдні баёў вынеслі з поля бою больш за 250 параненых. Асабіста Ганна Стойлік ратавала жыцці больш пяцідзесяці байцам. Асабліва вызначылася 21 кастрычніка 1942 года. Сяржант Утвенка, які падпаліў варожы танк, быў паранены. Ганна пад варожымі абстрэламі дапаўзла да сяржанта, перацягнула на плашч-палатку і адправілася ў зваротны шлях. Немцы ўзмацнілі агонь, але не патрапілі ў цэль. Такі подзвіг быў высока ацэнены – першай сярод дзяўчат дывізіі Ганна стала кавалерам ордэна Чырвонага Сцяга.

І гэта была не адзіная ўзнагарода. За мужнасць і гераізм падчас ратавання салдат на палях бою гвардыі лейтэнант медыцынскай службы Ганна Стойлік была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».

«Удзячны вам за тое,  што выратавалі мне жыццё»

«Старалася. Раненых перавязвала, выцягвала з поля бою. Як і ўсе медсёстры, – расказвала пры жыцці сціплая Ганна Купрыянаўна. – Помню медсясцёр Ніну Дрыго, Зою Пуцілаву, Надзю Касцерыну, Лізу Разумоўскую, Наташу Панаіт. Ратавала камандзіра роты Маісеенку, камандзіра батальёна Мацвеева, артылерыста Філіпава». Дарэчы, былы артылерыст 308-й асобнай стралковай дывізіі адэсіт Барыс Філіпаў адшукаў Ганну Лосеву пасля вайны ў Шуміліне, куды яна прыехала ўслед за мужам.

Даслаў Ганне Купрыянаўне такі ліст: «На подступах да Сталінграда ўсе мы захапляліся мужнасцю нашага санінструктара, дзяўчыны з Омскай вобласці, якая нягледзячы на невысокі рост і юны ўзрост штодзённа перацягвала на сваіх далікатных плячах дзясяткі параненых мужчын. Я помню, як каля станіцы Катлубань мяне цяжка параніла ў нагу. Яна перавязала мяне, накрыла сваім шынялём, таму што пасля дажджу было холадна, і дзяжурыла каля мяне, пакуль на падводзе не прыехаў старшыня. Мне здаецца, гэтай дзяўчынай былі вы. Я ад душы ўдзячны вам за тое, што вы ратавалі мне жыццё. Зямны вам паклон!».

Потым Барыс Філіпаў наведаўся да Ганны Лосевай у санаторый Лётцы, дзе яна адпачывала. Разам згадвалі ваенныя паходы, сваіх сяброў, якія загінулі ці засталіся жывымі. Згадалі і канфуз, як Ганна пры фарсіраванні Акі ледзь не патанула. Яна перавязвала параненага ў руку танкіста, саступілася з праверанага маршрута праз рэчку і трапіла ў вір. Выратаваў салдат, якому яна рабіла перавязку.

«Насіце. Вам яшчэ далёка крочыць»

На фронце было многа розных дзён, страшных і цяжкіх. Аднак былі і цікавыя выпадкі, пра адзін з якіх Ганна Лосева расказала. Пасля Курска-Арлоўскай аперацыі дывізію адвялі з пярэдняга краю для перарасфарміравання. Некалькі ваенных фельчараў выклікалі ў штаб дывізіі і паведамілі, што пагутарыць з дзяўчатамі хоча здымачная група фільма пра вайну. Маўляў, артыстам трэба даведацца, як санінструктары выконваюць сваю работу, як паводзяць сябе ў розных сітуацыях, што адчуваюць. Сярод прыехаўшых былі паэт Канстанцін Сіманаў і яго жонка актрыса Валянціна Сярова, якой ён прысвяціў вядомы верш «Чакай мяне». Валянціна Сярова гутарыла з Ганнай Стойлік, задавала шмат пытанняў, чытала вершы мужа, падрабязна распытвала пра ўзнагароды Ганны. А напрыканцы сустрэчы абняла Ганну, пацалавала, зняла свае новыя салдацкія боты і прамовіла: «Прымерце!» Боты аказаліся ў памер. «Насіце, – дадала яна. – Вам яшчэ далёка крочыць. А мне вашы франтавыя падыдуць».

Ужо пасля Перамогі Ганна даведалася, што ў 1944 годзе выйшаў на экраны фільм «Дні і ночы». Ролю санінструктара ў ім сыграла актрыса Ганна Лісянская, а на яе нагах Ганна Стойлік пазнала свае франтавыя стаптаныя боты.

Акушэрка райбальніцы

Пасля вайны Ганна Лосева трапіла ў Шуміліна, бо выйшла сюды замуж (яе мужам быў Мікалай Фаміч Лосеў, маёр, былы камандзір радыёроты 41-га стралковага корпусу 1-га Беларускага фронту). Мікалай Фаміч шмат гадоў працаваў дырэктарам СШ № 1 г. п. Шуміліна, а Ганна Купрыянаўна – у райбальніцы акушэркай, а потым медсястрой.

Ганна Лосева пайшла з жыцця 12 кастрычніка 2016 года ва ўзросце 95 год.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *