Цяпло і камфорт – у кожным кабінеце

Больш за 800 тысяч рублёў з раённага бюджэту накіравана сёлета на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.
Такую лічбу агучыла кіраўнік Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Шумілінскага раёна Ларыса Маладзечкіна. Рамонты ахопліваюць усё: ад замены сістэм ацяплення да ўстаноўкі сучасных пляцовак і абнаўлення харчаблокаў. У кожнай школе і дзіцячым садзе праводзяцца касметычныя рамонты – у кабінетах, калідорах, сталовых і іншых месцах агульнага карыстання.
Лета для педагогаў і работнікаў устаноў адукацыі – час, каб выправіць усе недахопы, выяўленыя падчас сакавіцкага аб’езду. Тады спецыялісты зацікаўленых структур наведалі ўсе ўстановы, вызначылі праблемныя месцы. На сённяшні дзень, па словах намесніка начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірыны Саўчанка, гатоўнасць аб’ектаў складае больш за 65%, але работ яшчэ хапае.
Адзін з самых буйных рамонтаў разгарнуўся ў Обальскай СШ. Дырэктар установы Аляксандр Сачыўка адзначае: школа, пабудаваная ў 1974 годзе, ніколі не ведала капітальнага рамонту сістэмы ацяплення. Раённыя ўлады пайшлі насустрач – на замену сістэмы ацяплення ва ўсіх вучэбных кабінетах выдаткавана 140 000 рублёў. Работы выконваюць спецыялісты мінскай кампаніі «ТанексСэрвіс». І гэта не ўсе перамены. У хуткім часе на тэрыторыі школы з’явяцца сучасная 3D-агароджа і малая архітэктурная форма. У сталовую набыта новае абсталяванне – параканвектамат за 10 тысяч рублёў, у бліжэйшы час будзе ўстаноўлена халадзільная камера. Пасля завяршэння будаўнічых работ ва ўсіх кабінетах зробяць касметычны рамонт. Акрамя таго, згодна з планам добраўпарадкавання гарадскога пасёлка Обаль была дэманціравана старая пабудова побач са школай.
Аляксандр Сачыўка запэўніў, што 1 верасня вучні сядуць за парты ў абсалютна абноўленай, сучаснай і бяспечнай школе.
Аляксандр ШЭДЗЬКО
