СУП «Лаўжанскае»: 70-год самаадданай працы
У аўторак, 7 ліпеня, сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства «Лаўжанскае» адзначыла 70 год з дня заснавання. Падзею адсвяткавалі ўрачыста – песнямі, танцамі, падзякамі людзям працы.
У Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу на ўрачыстае мерапрыемства «Зямля, сагрэтая працай» прыехала дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Русланам Матвейчуком, прыйшлі работнікі сельгаспрадпрыемства, мясцовыя жыхары.
«70 год – не проста лічба, гэта гісторыя, напоўненая самаадданай працай. І стваралася яна не адным пакаленнем і не адной сямейнай дынастыяй, – адзначыў падчас віншавання Мікалай Будневіч. – Дзякуючы працавітасці, шчырасці вясковых людзей мы маем магчымасць адзначаць сёння свята». Мікалай Аляксеевіч уручыў прывітальны адрас дырэктару СУП «Лаўжанскае» Мікалаю Балігатаву.
Старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Юлія Савасцьянава падзякавала работнікам сельгаспрадпрыемства за прафесіяналізм, адказнасць, адданасць справе і ўручыла калектыву падзяку за дапамогу ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
Вядучыя расказалі пра гісторыю стварэння сельгаспрадпрыемства, уклад ветэранаў. У зале прысутнічаў былы кіраўнік гаспадаркі Пётр Ігнатавіч Кузьмін, пры якім саўгас «Лаўжанскі» грымеў рэкордамі на ўсю вобласць. Менавіта пры яго кіраванні (канец 80-х-пачатак 90-х гадоў) узводзіліся малочнатаварныя фермы, укараняліся перадавыя тэхналогіі вытворчасці, гаспадарка неаднаразова станавілася пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў. Падчас уручэння Пятру Ігнатавічу падзякі ўся зала ўстала ў знак пашаны і апладзіравала.
Добрым словам згадалі кіраўніка гаспадаркі Ігнацьева, пры якім пасля вайны аб’ядноўваліся паасобныя брыгады. Яркую старонку ў летапіс прадпрыемства запісаў Валерый Волкаў, які ператварыў сельгасарганізацыю ў адну з перадавых у вобласці. Эстафету пераняў Аляксандр Антоненка, пры якім «Лаўжанскі» меў высокія паказчыкі па здачы дзяржаве зерня. Пры кіраванні Пятра Гарбачыка саўгас стаў актыўна пераходзіць на рэйкі механізацыі. Свой уклад у развіццё сельгаспрадпрыемства ўнеслі Аляксандр Аляксеенка, Анатоль Зянько, Пётр Кунштэль, Мікалай Какушкін, Яўген Дзятлоўскі і іншыя.
Прадпрыемства сёння жыве і развіваецца, мае жывёлагадоўчы комплекс па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, адзначыў Мікалай Балігатаў. Перадавікам сельгаспрадпрыемства ён уручыў граматы, пра кожнага сказаў ухвальнае слова. Падзякі ветэранам уручыла старшыня прафсаюзнай арганізацыі Алена Лісава.
Атмасферу свята падарылі ўсім прысутным народны сямейны ансамбль «Забава», клуб «Ветэран» Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу і самадзейныя артысты. Мерапрыемства атрымалася душэўным і па-сямейнаму цёплым.
Ларыса ЗАЙЦАВА.






