Как получить помощь для подготовки детей к школе?

Новости Общество

Падтрымка побач

Кожны год напярэдадні новага навучальнага года праводзіцца кампанія па аказанні сем’ям дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. На грашовую падтрымку ад дзяржавы могуць разлічваць як мнагадзетныя сем’і, так і малазабяспечаныя. Пра ўсе нюансы расказалі спецыялісты ТЦСАН Шумілінскага раёна.

Дзяржаўная  падтрымка  для  малазабяспечаных і  шматдзетных  сем’яў

Сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці і дзе сярэднедушавы даход ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму, могуць атрымаць дапамогу на падрыхтоўку да школы ў рамках дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Гэтая падтрымка прадастаўляецца ў выглядзе аднаразовай або штомесячнай дапамогі – на набыццё адзення, абутку, школьных прылад.

Даведка. З 1 мая 2026 года бюджэт пражытачнага мінімуму складае 509,62 руб., для мнагадзетных сем’яў – 586,06 руб.

Калі сям’я апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і яе даход не перавышае 1,5 крытэрыю патрэбнасці (на 1 мая 2026 г. – 764,43 руб.), яна таксама можа разлічваць на аднаразовую дапамогу.

Падаць заяву можна ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна па месцы рэгістрацыі. Рашэнне прымае камісія райвыканкама пасля разгляду дакументаў і пацвярджэння аб’ектыўных прычын, якія патрабуюць падтрымкі.

Дапамога  сем’ям   з  дзецьмі-інвалідамі

Сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, а таксама сем’і, у якіх адзін або абодва бацькі з’яўляюцца інвалідамі, могуць атрымаць матэрыяльную дапамогу са сродкаў Фонду сацыяльнага страхавання. Яна прадастаўляецца на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года – пры ўмове падачы поўнага пакета дакументаў.

Падтрымка   па  месцы  работы

Работнікі, якія выхоўваюць школьнікаў, могуць разлічваць на дапамогу ад наймальніка – калі гэта прадугледжана калектыўным дагаворам або ўнутранымі дакументамі арганізацыі. За тлумачэннямі варта звяртацца да наймальніка або ў пярвічную прафсаюзную арганізацыю.

Дабрачынныя акцыі

Установы і арганізацыі раёна традыцыйна праводзяць дабрачынныя ініцыятывы для падтрымкі сем’яў перад пачаткам навучальнага года. З 13 ліпеня па 31 жніўня ТЦСАН праводзіць дабрачынную акцыю «Збяром партфель да школы!».

Да ўдзелу запрашаюцца прадпрыемствы, арганізацыі і ўсе нераўнадушныя жыхары раёна.

Падрыхтавала  Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *