Любовь к профессии передалась от матери

2026 - Год белорусской женщины Людзі і лёсы Общество Экономика

Любоў да нажніц і расчоскі

Кажуць, што дочкі часта падсвядома капіруюць сваіх маці. Але адна справа – у дзяцінстве ўпотай прымяраць маміны туфлі, і зусім іншае – прадоўжыць яе справу, якая патрабуе цярпення, цяжкай працы на нагах і ўмення знаходзіць агульную мову з кліентамі. Гераіні рубрыкі «Па жаночай лініі» даказалі, што сямейная справа можа збліжаць мацней любых слоў.

Гісторыя Святланы Атока і Вольгі Літвінавай – аповед пра тое, як любоў да нажніц і расчоскі перадалася па спадчыне ад мамы да дачкі, а пераемнасць у б’юці-бізнесе – гэта не пра разлік, а пра безумоўную любоў да кліентаў.

Дзень цырульнікаў з салона «Кудри» ў Шуміліне пачынаецца з кавы. «Мы любім каву з аўтамата. Гэта ўжо традыцыя. Я езджу на работу з Віцебска, па шляху з аўтавакзала заходжу за шкляначкай падбадзёрлівага напою для сябе і мамы», – падзялілася Вольга. Пасля майстры рыхтуюць месца для працоўнага дня і камфортнага абслугоўвання наведвальнікаў. І так ужо больш за пяць гадоў гэтыя жанчыны працуюць на адной тэрыторыі.

Акрамя самай моцнай роднаснай сувязі іх аб’ядноўвае любімая справа. Канкурэнтамі яны сябе не лічаць. «На рабоце мы калегі. Паміж сабой у нас ёсць свая тэорыя: не важна, каго абярэ кліент, калі пераступіць парог, галоўнае, што ён прыйшоў у нашу цырульню», – падзяліліся Святлана і Вольга.

У маладосці Святлана хацела стаць настаўнікам рускай мовы, але дзесьці вышэй на яе былі іншыя планы. «Выбар быў зроблены выпадкова, – успамінае яна. – У вучэбна-вытворчым камбінаце раздавалі напрамкі, і я ўмомант абрала цырульніцкае мастацтва, пра што ні разу не пашкадавала». Сёння майстар з 36-гадовым вопытам работы ў сваім спісе пастаянных кліентаў налічвае каля 600 чалавек. Вядома, гэта колькасць не штомесячная і нават не штоквартальная. Таму што цырульня – гэта месца, куды вяртаюцца альбо па меры неабходнасці, альбо па жаданні што-небудзь змяніць у прычосцы, а разам з ёй і ў жыцці.

Увесь гэты час, пакуль мама напрацоўвала кліенцкую базу, за працэсам назірала дачка Вольга. Яна вырашыла стаць цырульнікам яшчэ ў дзяцінстве.

«Я практычна нарадзілася ў цырульні, мне падабалася гэтая атмасфера, і я не ўяўляла сябе ў іншай сферы. Па меры сталення з’яўляліся думкі пра прафесію псіхолага, – прызналася Вольга. – Але цяпер мая работа спалучае ў сабе некаторыя элементы псіхалогіі. Вельмі часта даводзіцца падзяляць з кліентам яго радасці, перажыванні, знаходзіць патрэбныя словы і падтрымліваць у цяжкіх сітуацыях».

На сённяшні дзень у сферы цырульніцкіх паслуг вялікая канкурэнцыя. Толькі ў Шуміліне налічваецца каля 20 кропак. Але для Вольгі і Святланы канкурэнтаў няма. Яны ўпэўнены, што на кожнага майстра знойдзецца свой кліент. Пра што ім і даводзіцца думаць – дык гэта пра тое, як ісці ў нагу з модай.

Цырульнікі пастаянна вучацца, наведваюць майстар-класы, семінары і эксперыментуюць на сабе. Вольга некалькі год таму прайшла курсы ў топавага барбера з Віцебска. Аднак, нягледзячы на пастаяннае ўдасканаленне навыкаў, дзяўчына лічыць, што ў сучасным цырульніцкім мастацтве тэхніка сышла на другі план.

«Безумоўна, базавыя навыкі важныя, але сёння ў рабоце самым актуальным метадам з’яўляецца творчы і індывідуальны падыход з ужываннем фантазіі. Больш ніякіх сакрэтаў няма», – кажа яна.

У цырульнікаў ёсць правіла: каб форма трымалася доўга, патрэбны правільны і моцны зрэз. У жыцці нашых гераінь такой непарушнай падставай стала жаночая падтрымка і ўзаемапавага. Шлях Святланы і Вольгі дэманструе, што дынастыі нараджаюцца там, дзе вопыт старэйшага пакалення сустракаецца з «гарачымі» вачыма малодшага. І пакуль гэтая сувязь жывая, у іх люстэрках заўсёды будзе адлюстроўвацца прыгажосць, як знешняя, так і душэўная.

Дар’я ЧАПУРНОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *