Боршч і плоў як дома
Калі на палях раёна ідзе напружаная бітва за ўраджай, аграрыям вельмі важна мець надзейны тыл. Спёка, пыл і праца ад світання да позняга вечара патрабуюць шмат сіл, таму гарачыя абеды прама ў полі – гэта не проста клопат, а залог рытмічнай работы ў добрым настроі. За гэта адказнасць трымаюць майстры кулінарнай справы.
У двух сельгаспрадпрыемствах – СУП «Лаўжанскае» і ААТ «Ляжні» – працуюць уласныя сталовыя. Абеды для хлебаробаў дастаўляюцца прама на палеткі. У Дабеі мы заспелі раздатчыцу ААТ «Прыазёрны мір» Святлану Авагімаву. Яна сустракае механізатараў з усмешкай і шчырымі словамі падтрымкі. Хвілінны перапынак на абед на краі поля ператвараецца для камбайнераў у сапраўдны адпачынак для душы. Наварысты боршч, духмяны і сакавіты плоў, на дэсерт прахалодны кампот, які выдатна ратуе ад смагі і спякоты – на свае вочы мы пераканаліся, што абед у хлебаробаў смачны. Механізатары пахвалілі ляжнеўскіх повараў, якія гатуюць добра.
На наступны дзень мы пабывалі ў сталовай ААТ «Ляжні». Галоўныя творцы на кухні – повары Вера Прышчэпава і Наталля Сабалеўская, якія дакладна ведаюць, як накарміць працаўнікоў палёў. Галоўнае правіла – разнастайнасць меню.
«Смажым катлеты і рыбу, гатуем гуляш, кураціну, макарону па-флоцку, – расказала Вера Аляксееўна. – Кіраўніцтва га спадаркі закупіла новую газавую пліту. А з Амбросавіцкай школы прывезлі новыя каструлі, патэльні, кухонныя дошкі і наборы нажэй. Так што посудам поўнасцю забяспечаны».
Работы на кухні хапае з самай раніцы: толькі для таго, каб падрыхтаваць адзін з гарніраў, трэба два вядры бульбы начысціць! А на прыгатаванне катлет ідзе пяць кілаграмаў фаршу. Вопытным поварам любая задача па плячы, у тым ліку і накарміць кожны дзень да трыццаці чалавек – гатуюць для работнікаў ААТ «Ляжні» і ААТ «Прыазёрны мір». Повары разумеюць значнасць сваёй работы – яны таксама ўносяць важкі ўклад у агульны каравай раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


