Как прошли «Дажынкі‑2026» в Миорах. Большой фоторепортаж

Главное Дажынкі Новости Общество Сельское хозяйство


Золата роднай зямлі

У гэтыя выхадныя на Віцебшчыне ярка і ўрачыста адгрымела галоўнае свята хлебаробаў – абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі‑2026». Суботняй раніцай дэлегацыя нашага раёна пад кіраўніцтвам старшыні Шумілінскага райвыканкама Мікалая Будневіча ў агульнай аўтакалоне ўзяла курс на Міёры, якія сёлета сталі сталіцай мерапрыемстваў.

Святочная атмасфера і дух адзінства адчуваліся задоўга да пад’езду да галоўнай лакацыі. Ужо на мяжы Міёрскага раёна гаспадары фестывалю па добрай традыцыі віталі гасцей хлебам-соллю. У самім горадзе панавала неверагодная атмасфера дружалюбнасці і цяпла. Маляўнічая гарадская набярэжная ператварылася ў велізарную творчую пляцоўку, дзе разгарнуліся каларытныя падворкі ўсіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Кожны з іх імкнуўся здзівіць гасцей: удзельнікаў сустракалі вясёлымі народнымі песнямі, запальнымі танцамі, шчодрымі пачастункамі, майстар-класамі ад рамеснікаў і народных майстроў.


Гасцінны шумілінскі падворак сустракаў гасцей «Дажынак» заліхвацкімі песнямі і самабытнымі танцамі. Смачныя пачастункі ўсім жадаючым прапаноўвалі повары беларускай кухні «Разынка». Эксклюзіўнай асаблівасцю нашай пляцоўкі стала ўнікальная спецыяльная блогерская праграма. У ролі харызматычнага блогера Шуміліншчыны выступіла Таццяна Багданава. Яна сустракала калег па інтэрнэт-прасторы і з гумарам расказвала ім сакрэты сапраўднага «аграхайпа» ў Шумілінскім раёне. Усім блогерам і гасцям падворка было прапанавана асабіста вырабіць абярэг на поспех.


Пад кіраўніцтвам майстроў раённага Дома рамёстваў удзельнікі майстар-класа ў старадаўняй тэхніцы набойкі наносілі на мяшэчкі са збожжам сакральныя элементы, якія сімвалізуюць жыццё, сілу, любоў і дабрабыт. Гэты працэс настолькі захапіў інтэрнэт-актывістаў, што нягле­дзячы на часовы ліміт для абходу ўсіх падворкаў, многія затрымліваліся менавіта ў шумілінцаў, выносячы з сабой унікальныя сувеніры ручной работы.


Побач з падворкам працавалі не менш папулярныя інтэрактыўныя зоны: работнікі Шумілінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі здзіўлялі прахожых арыгінальнай магчымасцю згуляць у «яблычныя» шахматы, а спецыялісты раённага турцэнтра праводзілі займальныя экскурсы, прэзентуючы турыстычны патэнцыял роднага краю.


Асаблівую цікавасць выклікала маштабная выстава традыцыйных сімвалаў ураджаю – святочных снапоў і пышных караваяў «Золата роднай зямлі», якія прыбылі ў Міёры з усіх куткоў Віцебшчыны. Упрыгожваннем гэтай экспазіцыі стала таксама новая арыгінальная калекцыя абрадавых лялек.


Першая ўрачыстая цырымонія ўшанавання герояў уборачнай кампаніі пачалася на сцэне Міёрскага раённага Дома культуры. Пад гучныя апладысменты залы на сцэну падымаліся тыя, чые рукі пахнуць хлебам: лепшыя камбайнеры, вадзіцелі і кіраўнікі гаспадарак. За добрасумленную працу і адда­насць хлебаробскай справе Ганаровай граматай Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама быў узнагароджаны наш зямляк Юрый Літвінаў – трактарыст-машыніст ААТ «Ляжні». Каштоўныя падарункі ў знак падзякі за сваю працу атрымалі Аляксандр Бакан – трактарыст-машыніст КУСГП «Ульскі» і Віктар Каўхута – дырэктар ААТ «АграБаравінка».


Самым значным і доўгачаканым момантам усяго свята стала ўрачыстае адкрыццё фестывалю і маштабная цырымонія ўшанавання лепшых хлебаробаў на галоўнай сцэне абласнога фестывалю. У цырымоніі прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ула­дзімір Пярцоў, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка, кіраўніцтва Віцебскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Рагожнікам, хокім Андыжанскай вобласці Узбекістана Шухратбек Абдурахманаў і іншыя ганаровыя госці.


«Сёння ў гэты выдатны сонечны дзень я хачу сказаць вам словы шчырай падзякі за вашу працу. Нізкі вам паклон за тое, што вы робіце. У гэтых няпростых умовах надвор’я мы пераадолелі самі сябе: сёлета мы збяром каля 1 мільёна 200 тысяч тон збожжа. Мы забяспечылі сябе поўнасцю кармамі. Гэта ўсе вашы рукі, вашы сем’і», – цёпла звярнуўся да герояў жніва Аляксандр Рагожнік. Старшыня аблвыканкама асабіста ўзнагародзіў перадавікоў. Лідарам жніва стаў Аршанскі раён. Валавы збор збожжа і зернебабовых тут склаў больш за 127 тысяч тон. У тройцы лідараў таксама апынуліся Віцебскі і Докшыцкі раёны.


У ліку ўзнагароджаных быў трактарыст-машыніст ААТ «АграБаравінка» Сяргей Гоманаў. За шматгадовую і добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў наш зямляк атрымаў Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама. «Я вельмі рады, што мая праца была ацэненая на такім высокім узроўні. Дзякуй калегам, якія разам са мной прыехалі на гэтае цудоўнае свята ў Міёры. У далейшым мы будзем імкнуцца павышаць вынікі, каб у нас з’явілася больш людзей, якія бу­дуць выходзіць на сцэну за годнымі ўзнагародамі», – падзяліўся эмоцыямі перадавы камбайнер-тысячнік раёна.

Пасля таго, як апошнія заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў, галоўная сцэна фестывалю апынулася ва ўладзе музыкі і выдатнага настрою. Сваю яркую творчасць працаўнікам вёскі падарылі вядомыя і любімыя выканаўцы: народны артыст Расіі Аляксандр Буйноў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская, а таксама любімцы публікі – запальны беларускі гурт «Дразды» і многія іншыя выканаўцы.

Выдатным фіналам грандыёзнай урачыстасці працы стаў яркі святочны феерверк.

Абласныя «Дажынкі‑2026» у Міёрах надоўга запомняцца ўсім удзельнікам і гасцям як яркае, маштабнае і душэўнае свята. Фестываль пакінуў у памяці доўгі шлейф незабыўных момантаў: захапляльнае дух флайборд-шоу на роўнядзі Міёрскага возера, выставу магутнай сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі, азартныя спартыўныя спаборніцтвы і, вядома, дзіўнае сонечнае восеньскае надвор’е.

А «Дажынкі‑2027» прымуць Докшыцы.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *