
Мужчынскі характар і бацькава любоў
Быць добрым бацькам – вялікая адказнасць, а быць бацькам-адзіночкам і прысвяціць усяго сябе выхаванню сыноў – сапраўдны мужчынскі подзвіг. Жыхар аграгарадка Мікіціха Аляксандр Грачуха, выконваючы абавязкі ляснічага Мікіціхінскага лясніцтва, дзесяць гадоў самастойна крочыць па гэтым няпростым жыццёвым шляху, з’яўляецца для двух сыноў надзейным памочнікам, мудрым настаўнікам, самым блізкім чалавекам.
Зараз Данііл вучыцца ў дзявятым класе, Улад – у восьмым. Бацька шчыра прызнаецца: напачатку прыйшлося прайсці суровую школу таты-гаспадара. Самым цяжкім выпрабаваннем для яго быў перыяд, калі хлопчыкі хварэлі. Збіць малым тэмпературу, своечасова даць лекі і супакоіць – для мужчыны гэта быў сапраўдны экзамен на трываласць. Яшчэ адным цяжкім клопатам стала мыццё бялізны (на той час у доме не было пральнай машыны-аўтамата). Заўсёды дапамагаў рабіць урокі, асабліва матэматыку, бо хлопчыкам цяжка давалася табліца множання. У курсе дамашніх заданняў і зараз, трымае сувязь з іншымі бацькамі – часам разам разбіраюцца, як дапамагчы дзецям.
Вялікай і неацэннай дапамогай з’яўляецца тое, што Аляксандр з сынамі жыве разам з цешчай, бабуляй хлопчыкаў – Сафіяй Якаўлеўнай, якая раней працавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе. Яе жаночая мудрасць, добрае слова і цёплы абед заўсёды напаўняюць дом сапраўднай утульнасцю.
Аляксандр Сяргеевіч расказвае пра сыноў з асаблівай любоўю. Улад вельмі шустры, энергічны і творчы – з задавальненнем займаецца танцамі, выступае «рухавіком» у дзіцячых кампаніях. Данііл любіць спорт, захапляецца футболам і валейболам, даспадобы яму касьба трымерам. Рыхтуецца паступаць у каледж, марыць атрымаць прафесію тэхніка-механіка – работа з тэхнікай яму вельмі па душы. Мае запаветную мэту – вывучыцца ў наступным годзе на катэгорыю «АМ», каб атрымаць права кіраваць мапедам.
Бацька стараецца выхоўваць сыноў чулымі і шчырымі, адказнымі і дружнымі, вучыць самастойна прымаць рашэнні і адказваць за свае ўчынкі. А хлопцы ўдзячныя бацьку за разуменне і дапамогу ва ўсіх пытаннях. Расказалі па сакрэце, што рыхтуюць яму падарунак на дзень нараджэння, які будзе неўзабаве. Падарунак стане сапраўдным сюрпрызам для дарагога і любімага чалавека ў іх жыцці.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
