
«Пагналі!» 30 гадоў – гэта толькі пачатак!
Сёння, 21 кастрычніка, сцэна Шумілінскага раённага цэнтра культуры напоўніцца выбухамі смеху, апладысментамі і лёгкай настальгіяй. Свой 30-гадовы юбілей адсвяткуе любімы мясцовы калектыў – народны тэатр мініяцюр «БУФФ». Напярэдадні вялікага юбілейнага вечара мы зазірнулі за кулісы, каб скласці творчы партрэт каманды, якая тры дзясяткі гадоў дорыць шумілінцам шчырыя ўсмешкі.
Ад маўклівай буфанады – да жывога слова
Ідэйным натхняльнікам, рэжысёрам і стваральнікам «БУФФа» з’яўляецца Юрый Раманаў. Цікава, што першапачаткова тэатр задумваўся як праект выключна неразмоўнага жанру. На першым часе акцёры на сцэне толькі стваралі жывую гукавую палітру, робячы стаўку на пантаміму, буфанаду і выразную пластыку. Музычнае, мульцяшнае аўдыясуправаджэнне, шумы, удары былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі дзеянняў. Аднак час ішоў, мяняліся тэхнічныя магчымасці, рос артыстычны азарт. Паступова тэатр «загаварыў», удасканаліўся і трансфарміраваўся ў зусім новы фармат, дынамічны і актуальны. Калектыў заслужана атрымаў і з гонарам нясе высокае званне «Народны», рэгулярна пацвярджаючы яго перамогамі на абласных і рэспубліканскіх фестывалях гумару.
Змена пакаленняў і вернасць традыцыям
У першыя гады існавання візітнай карткай тэатра быў мужчынскі акцёрскі склад. Ля вытокаў творчага саюза стаялі Аляксандр Догель, Вячаслаў Судзько, Вячаслаў Жыжоў, Мікалай Кузняцоў, Мікалай Куляшоў, Максім Крыгін, Мікалай Мясаедаў. Пазней да мужчынскага братэрства далучыўся Аляксей Цімафееў. Асаблівае месца ў гісторыі тэатра займае Марат Шарыпаў – чалавек з невычэрпнай фантазіяй, які доўгі час быў мастаком-афарміцелем і браў на сябе ўсе складаныя тэхнічныя моманты. Ён ствараў дэкарацыі і рэквізіт не толькі для мерапрыемстваў Дома культуры, але ўсіх спектакляў тэатра мініяцюр.
За візуальны стыль на пачатковым этапе адказвала адзіная ў мужчынскім калектыве жанчына – мастак-пастаноўшчык Святлана Дземідзенка. Яна працавала ў цеснай звязцы з рэжысёрам пры стварэнні спектакляў і адказвала за светлавое рашэнне.
Сёння аблічча «БУФФа» прыкметна абнавілася. На змену ветэранам сцэны прыйшлі новыя таленты, а за мастацкую частку цяпер адказваюць яркія майстры – Таццяна Багданава і Таццяна Янчанка. Апошні год кіраўніком з’яўляецца Аляксей Цімафееў, якога калегі называюць бясконцым генератарам ідэй, адзначаючы яго неверагоднае пачуццё гумару і бліскучыя арганізатарскія здольнасці. Нягледзячы на змену асоб, унутраная атмасфера тэатра засталася ранейшай. Перад кожным выхадам да публікі акцёры нязменна выконваюць свой таемны рытуал: яны кладуць рукі адна на адну і гучна прамаўляюць запаветную фразу-талісман: «Нічога не баімся! Хвост трубой! Пагналі!».
Свой глядач – самы патрабавальны
За плячыма народных гумарыстаў – дзясяткі гастрольных выступленняў і прэстыжныя ўзнагароды. Адна з самых дарагіх – перамога ў 2023-м на рэспубліканскім фестывалі гумару ў Аўцюках, адкуль шумілінцы прывезлі ганаровае трэцяе месца. Аднак артысты прызнаюцца: выступаць на роднай сцэне перад сваім, шумілінскім гледачом, ім заўсёды ў разы складаней, чым на чужых пляцоўках. Гэта каласальная адказнасць, бо мясцовая публіка ведае іх асабіста, заўважае кожную дэталь і чакае максімальнай аддачы. Каб трымаць залу ў пастаянным тонусе і выходзіць з любых непрадбачаных сітуацый, артыстам нярэдка даводзіцца віртуозна імправізаваць прама падчас спектакля, што робіць кожную іх пастаноўку абсалютна ўнікальнай.
За кулісамі поспеху
Вядома, за лёгкім і бліскучым гумарам на сцэне хаваецца каласальная праца. Работа ў тэатры патрабуе ад кожнага максімальнай аддачы, велізарных намаганняў і, галоўнае – часу. Каб выдаць якасны матэрыял і парадаваць гледача добрым вынікам, рэпеціраваць даводзіцца часта і доўга. Паколькі ва ўсіх удзельнікаў ёсць асноўная работа, прагоны спектакляў звычайна праходзяць у позні вячэрні час. Дзеля любімай справы артыстам нярэдка даводзіцца ахвяраваць каштоўнымі гадзінамі сямейнага адпачынку. На пытанне пра тое, як дамашнія ставяцца да такога шчыльнага графіку, акцёры са звыклым аптымізмам і гумарам адказваюць: «У іх няма выбару! Блізкія прывыклі і ўсё разумеюць!».
Напярэдадні юбілею мы спыталі ў артыстаў, якое запаветнае жаданне яны б загадалі на наступныя 30 гадоў творчага шляху. Адказ калектыва быў аднагалосным: не змяншаць абароты, пастаянна расці, натхняцца і квітнець. А яшчэ – абавязкова напаўняць свой творчы саюз новымі маладымі асобамі, якія будуць гэтак жа шчыра і аддана гарэць агульнай справай.
Сёння ў самых адданых прыхільнікаў, якія паспелі купіць квіткі, будзе магчымасць падтрымаць землякоў, падзяліць з імі гэты прыгожы юбілей і ў чарговы раз пераканацца, што шумілінскі гумар – гэта знак якасці! Пачатак свята ў 17.30.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
