
Курс – на плюшчэнне зерня кукурузы
У КУСГП «Ульскі» ў поўным разгары ўборка кукурузы на зерне. На камбайнах з кукурузнымі жняяркамі на палетках працуюць Васіль Аглушэвіч і Мікалай Карнілаў.

«Для мяне ўборка кукурузнага зерня – работа новая, – кажа Васіль Аглушэвіч, з якім размаўляем на палетках за вёскай Пабеда. – Уборку вядзём, калі ранішняя раса крыху сыдзе – тады менш забіваюцца клавішы ў камбайне. А ўвогуле зерне ў бункер сыплецца добра, ураджайнасць складае каля 80 цэнтнераў з гектара. За дзень убіраю каля пяці гектараў палеткаў».
Зерне механізатар Аляксандр Вяеўнік звозіць пад навес каля фермы Паратоўка, дзе яго плюшчаць і затарваюць у палімерныя рукавы. Гэтая тэхналогія прымяняецца ў раёне ўпершыню.

«Здрабняльнік зерня вытворчасці «Бабруйскаграмаш» гаспадарка набыла зімой, – расказаў механізатар Рыгор Кавалёў, які адказвае за плюшчэнне. – Учора сплюшчыў за дзень 90 тон. Адначасова з плюшчэннем у зерне дадаецца кансервант. Такі корм у палімернай плёнцы павінен вылежацца прыкладна месяц, перш чым яго пачнуць даваць на корм буйной рагатай жывёле».
На мінулым тыдні ў «Ульскім» пачалі працаваць і яшчэ па адной новай тэхналогіі, для якой набылі ўпакоўшчык кармоў у палімерную плёнку вытворчасці «Бабруйскаграмаш». На палетках гаспадаркі ўпершыню працуе кормаўборачны камбайн «Крона» германскай вытворчасці, які прыехаў з Барысава дапамагчы з уборкай. «Камбайн абсталяваны зернедрабілкай, – расказаў барысаўскі механізатар Сяргей Туравец. – Рыхтуем карнаж – высоканцэнтраваны корм, які ўяўляе сабой здробненае зерне кукурузы, лістоў і стрыжняў пачаткаў». Карнаж на пляцоўцы каля зернесушыльнага комплексу ў Светласельскім запакоўваецца ў палімерную плёнку.
«Мы трымаем курс на плюшчэнне зерня, бо такая тэхналогія эканамічна выгадная: яна робіць больш таннай кармавую адзінку – працэс сушкі тут не патрэбны, – расказаў дырэктар КУСГП “Ульскі” Уладзімір Касцюкоў. – А гэта ўплывае на сабекошт прадукцыі, у прыватнасці, на малако. Плюшчанае зерне кукурузы добра засвойваецца жывёламі. У гаспадарцы 532 галавы дойнага статку, якія знаходзяцца на фермах у Светласельскім, Паратоўцы, Лявонаве. Наша задача на зімовы перыяд – павысіць надоі».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
