На участке растениеводства «Добея» ООО «Витконпродукт» идет уборка кукурузы на зерно

Главное Новости Общество Сельское хозяйство


Залаты паток ураджаю

На палетках участка раслінаводства «Дабея» ТАА «Вітконпрадукт» на поўную магутнасць працуе кукурузаўборачны канвеер – тры зернеўборачныя камбайны і пяць адзінак вялікагрузных аўтамабіляў на адвозцы.


Мы прыехалі на палеткі паблізу Пісарава. У карэспандэнта раёнкі стаіць задача не проста зрабіць яркія кадры на полі, а паглядзець на працэс з кабіны. Гомсельмашаўскі камбайн аднаго з вопытных механізатараў з Дабеі Ігара Літвіна здзіўляе габарытамі, колы амаль у рост чалавека. Камбайнер адкрывае кабіну, а я здзіўляюся камфорту – шырокае сядзенне, камп’ютар. Разумная электроніка ў рэжыме рэальнага часу сочыць за ўсімі важнымі параметрамі: рэгулюе работу барабана, паказвае ўзровень вільготнасці і дакладна падлічвае кожную тону намалоту.

Ігар Літвін упэўнена вядзе камбайн праз шчыльныя зараснікі, і тэхніка з кукурузнай жняяркай рассякае палеткі. Шырокае панарамнае шкло адкрывае цудоўны від поля. Камбайн літаральна плыве па полі, бо хуткасць невялікая – каля чатырох кіламетраў у гадзіну. Кукурузнае сцябло і пачаткі падпарадкоўваюцца жняярцы, і ў бункер няспынным патокам ліецца кукурузнае зерне. «Камбайн амаль новы, яму другі год, – расказвае Ігар. – А я на ўборцы кукурузнага зерня пяты год. Да гэтага на палетках Ушацкага раёна ўбіраў збожжа, намалаціў больш за тысячу тон. На нашай тэхніцы ўсталяваны рацыі. На палетках месцамі гразка, не заўважыш нізіну, дык і забуксуеш. Таму на полі дзяжурыць трактар. За дзень убіраю да 4-5 гектараў кукурузы. Учора, напрыклад, з калегамі Дзмітрыем Бязрукавым і Аляксандрам Драздовым намалацілі амаль па 170 тон кожны». Камбайн, які пад’язджае да краю поля, ужо чакаюць вялікагрузныя аўтамабілі – гатовы прыняць абмалочаны ўраджай.

Слова – начальніку ўчастка раслінаводства «Дабея» Юрыю Пачко:

– Кукуруза ў нас засеяна на тэрыторыі двух раёнаў – Шумілінскага і Ушацкага. Нядаўна ўбіралі ў Дабеі, цяпер пераехалі на палеткі да Пісарава, дзе крыху вышэй. Чакае свайго часу кукурузу каля Боськава і Войлавіч – усяго яе на Шуміліншчыне засеяна 664 гектары. На палетках, добра ўгноеных арганікай, дзе своечасова правялі хімпраполку і падкормку, зрабілі стаўку на правераныя, высокапрадукцыйныя сарты кукурузы – «радрыгас» і «нево». Яны выраслі дужымі, з буйнымі пачаткамі. На круг кукуруза дае 130 цэнтнераў з гектара. Зерне адвозім на Лепельскі камбікормавы завод – там кукуруза сушыцца і здрабняецца. А потым ідзе на корм жывёлам і птушкам.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *