Для бацькоўскай любові тыдня занадта мала… Таму што яна бясконцая! У гэтую нядзелю пад скляпеннямі храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Шуміліне прайшла шчырая сустрэча-гутарка пад назвай «Сям’я – малая царква». Яна падарыла ўсім удзельнікам неацэнную магчымасць даведацца адзін аднаго бліжэй, бо ў штодзённым жыццёвым кругавароце мы часта спяшаемся і часам так мала ведаем пра тых, з кім жывем на адной вуліцы, стаім побач на службе ў храме або за кім займаем чаргу ў магазіне.

Нядзельным вечарам жыхары райцэнтра сабраліся разам, каб у давернай абстаноўцы падзяліцца самым патаемным: расказаць гісторыі зараджэння сваіх сямей, успомніць, з якімі радасцямі і цяжкасцямі сутыкаліся на жыццёвым шляху і што дапамагае выхоўваць дзяцей у веры і любові.
Арганізатары сустрэчы Ларыса Пучынская, Вольга Загвоздава, Святлана Быкава і Алена Логінава падрыхтавалі трапяткую праграму мерапрыемства і стварылі неверагодную атмасферу. Сустрэча была напоўнена шчырымі ўсмешкамі, добрым смехам, спачуваннем, спагадай і радасцю. Кожная гісторыя адгукалася ў сэрцах: адны са слязамі на вачах успаміналі няпросты шлях лячэння ўнука ад цяжкай хваробы, які, дзякуй Богу, застаўся ў мінулым, іншыя з заміраннем сэрца дзяліліся тым, як ратавалі мужа пасля інсульту, і як сёння ён зноў жыве паўнацэнным шчаслівым жыццём.
Асаблівым святлом дзяліліся мнагадзетныя бацькі, для якіх галоўнае шчасце – гэта іх здаровыя дзеці, і яны кожны свой дзень пачынаюць з падзякі Богу за ўсё, што маюць. Дзіўна і выдатна, што за адным вялікім сталом сабраліся зусім розныя пакаленні – маленькія дзеці, іх бацькі, бабулі і дзядулі. Усе яны, забыўшыся пра розніцу ва ўзросце, з чулай увагай слухалі жывыя, часам няпростыя, але такія натхняльныя гісторыі з жыцця адзін аднаго.
Благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Феадор Пучынскі падзяліўся з удзельнікамі сваімі ўспамінамі аб стварэнні сям’і, пераездзе з Брэстчыны на Віцебшчыну, а таксама першымі крокамі па адраджэнні праваслаўнай веры і стварэнні мясцовай абшчыны. Айцец Фёдар нагадаў усім, што хрысціянства – гэта рэлігія любові і падарыў
удзельнікам сустрэчы памятныя падарункі: Малітваслоў і ікону Казанскай Божай Маці.
Завяршылася мерапрыемства цёплым і ўтульным чаяваннем. Прыхаджане ішлі дадому з пачуццём глыбокай падзякі ў сэрцы, выносячы з сабой духоўную радасць і веру ў тое, што з Божай дапамогай і пры падтрымцы сям’і можна пераадолець усе жыццёвыя цяжкасці.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

