
«Многа чорт лапцей стаптаў, пакуль разам нас сабраў»
Віктар Міхайлавіч і Ала Уладзіміраўна Савянок з вёскі Ляхава Лаўжанскага сельсавета адзначылі 50 гадоў сумеснага жыцця. Сям’я – прыклад таго, як трэба любіць зямлю і рупіцца на ёй. А яшчэ, між іншым, усе пяць дзесяцігоддзяў з’яўляюцца адданымі падпісчыкамі раённай газеты.
Ала Уладзіміраўна – родам з Ляхава, муж Віктар – з Гомельшчыны, у свой час ад прадпрыемства «Прамбурвод» прыехаў у саўгас «Лаўжанскі» ў камандзіроўку на некалькі месяцаў. Бурыў свідравіны, тут і знайшоў сваё шчасце. «Многа чорт лапцей стаптаў, пакуль разам нас сабраў» – жартуе з гэтай нагоды Ала Уладзіміраўна.
Моладзь часта збіралася каля вагончыка буравікоў: там стаяла модная па тых часах радыёла, было шмат пласцінак і заўсёды гучала музыка. Ала асабліва любіла песню «Дыктуюць калёсы вагонныя». Пад гэтыя мелодыі Ала і Віктар пасябравалі і каля года сустракаліся, перш чым ажаніцца.
З усмешкай Ала Уладзіміраўна дадала: «Я выбрала мужа заможнага! Віктар да жаніцьбы паспеў накапіць паўтары тысячы рублёў – вялікія грошы па тых часах. Бацькі мужа даслалі нам у падарунак яшчэ тысячу. На гэтыя сродкі мы купілі ў Ляхаве дом, дзе жывём і сёння, а таксама набылі першую мэблю: ложак, стол і канапу. А мае бацькі падарылі карову, курэй і ката Рыжыка. Вось з гэтага і пачалося сямейнае жыццё».
Ала ў маладосці была адчайнай і смелай, цяжкай працы не баялася. Школьніцай была памочніцай у бацькі Уладзіміра Ігнатавіча Храпавіцкага на камбайне СК‑4. Пасля школы на заклад з сяброўкай паехала ў Улу вучыцца на механізатара. Пасля вучобы ў мясцовым саўгасе ёй даверылі трактар Т‑40 з прычэпам, на якім вазіла кармы і ўгнаенні, а пасля перасела на гусенічны ДТ‑74. Калі пара зарэгістравала шлюб, маладая жонка прыняла рашэнне змяніць прафесію. «Дваім механізатарам у сям’і быць немагчыма, камусьці трэба і дом даглядаць», – з усмешкай зазначае жанчына. Ала Савянок перайшла працаваць у брыгаду ПМК‑25: касіла канавы, чысціла рэчышчы рэк, высякала кусты.
Віктар Міхайлавіч прысвяціў зямлі ўсё сваё жыццё, адпрацаваў 30 гадоў механізатарам у «Лаўжанскім». «Падчас уборачнай работы было вельмі шмат, – згадвае Віктар Міхайлавіч. – У шэсць гадзін раніцы адпраўляўся на работу, а позна вечарам прыходзіў. Жонка жартам называла мяне «кватарантам», бо ўсе дамашнія і бытавыя пытанні даводзілася вырашаць самой». А іх было многа – трымалі карову, больш за 20 авечак, курэй, гусей і індыкоў, з паўсотню трусоў. Сёння гаспадары трымаюць курэй і коз.
Віктар Міхайлавіч і Ала Уладзіміраўна выхавалі дачку і сына. Сёння багацце сямейных юбіляраў вымяраецца не толькі гадамі, але і працягам роду: у іх ужо пяцёра ўнукаў і адзін праўнук.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
