Что показал рейд по бродячим котам

Главное Новости Общество


Добрыя памкненні – дрэнныя наступствы

З прыходам восені пад’езды нашых шматпавярховак напаўняюцца кацінымі спевамі, на лесвічных пляцоўках з’яўляюцца талерачкі. Адначасова расце і колькасць зваротаў у санітарную службу і 115 з просьбай прыняць меры наконт бадзяжнай жывёлы дзеля прафілактыкі шаленства і паразітарных хвароб. Падчас сумеснага рэйду карэспандэнт раённай газеты і памочнік урача-гігіеніста Шумілінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Шнітко паглядзелі, наколькі сумная карціна назіраецца ў райцэнтры і якія меры варта прымаць.

Рэйд пачаўся з раёна МСА. Адразу стала зразумелым, што гаворка пойдзе не пра адзінкавыя выпадкі. Катоў тут дастаткова – практычна каля кожнага дома. Асабліва шмат каля дамоў № 18 і 20 па вуліцы Юбілейнай. Неадзінкавы посуд для корму сведчыць пра тое, што жыхары не застаюцца раўнадушнымі. Побач тут і «домік» з малымі кацянятамі. Карціна кранальная – але менавіта такія месцы і выклікаюць пытанні ў спецыялістаў.


У Верхнім горадзе сітуацыя крыху лепш, але не без праблем. Каля дома № 8 па вуліцы 70 год БССР поўныя кантэйнеры корму для дваровых катоў… А вось каля новабудоўляў на Брыкеце бадзяжных катоў не пабачылі. Ці то мясціны яшчэ не асвоены, ці то жыхары трымаюць сітуацыю пад кантролем. Сустракаюцца нічыйныя каты ў цэнтры Шуміліна: і на Луначарскага, і на Ленінскай, і на Кароткіна. Некаторыя жыльцы дома № 2 па вуліцы Шумілінскай падышлі да справы творча: коцікам саломы свежай падсцялілі. Клопат клопатам, але спецыялісты нагадваюць: нават самая добрая пасцель не замяняе адказных правілаў утрымання жывёл.

Добрая справа – падкарміць жывёлу – не тое самае, што дазволіць ёй жыць у падвале ці гаспадарчай пабудове. Кацярына Шнітко адзначыла, што падкормка бяздомных жывёл сама па сабе не з’яўляецца парушэннем, але змяшчаць жывёлу ў пад’ездах, падвалах і ў іншых дапаможных памяшканнях жылых дамоў забаронена.
Падчас рэйду зафіксаваны факты знаходжання жывёл у падвалах і месцы кармлення. Пры гэтым жыльцоў, якія непасрэдна падкармлівалі катоў, не сустрэлі, таму не было магчымасці правесці прафілактычныя гутаркі. Афіцыйная інфармацыя накіравана ў камунальную службу для прыняцця мер.

«Жыхарам шматпавярховак варта помніць, што закон забараняе ўтрымліваць бадзяжную жывёлу ў пад’ездах, падвалах, іншых дапаможных памяшканнях. І такія, здавалася б, бяскрыўдныя і гуманныя памкненні да дабра не прыводзяць: менавіта вулічныя каты і сабакі становяцца крыніцамі вельмі небяспечнай для чалавека хваробы шаленства і распаўсюджвальнікамі паразітарных хвароб. Лепшая дапамога – не пускаць у пад’езд жывёлу, а ўзяць яе на ператрымку, прытуліць або звярнуцца ў прытулак», – зазначыла Кацярына Шнітко.

Трэба ведаць! Артыкул 16 Закона ад 1 красавіка 2024 года «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» не дапускае ўтрымання жывёл у пад’ездах, падвалах, на паддашках і ў іншых дапаможных памяшканнях жылых дамоў. Санітарныя нормы таксама патрабуюць трымаць падвалы і паддашкі ў належным стане і закрываць доступ да іх для бадзяжных жывёл. Наяўнасць дамашніх і бадзяжных жывёл, грызуноў, а таксама іх рэшткаў у падвальных памяшканнях не дапускаецца.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *