
Надвор’е ў Шуміліне пад дакладным кантролем!
Сёння, ва ўмовах імклівага змянення клімату, неабходнасць у дакладным прагнозе надвор’я ўзрастае з кожным днём. Каб капрызы стыхіі не заспелі грамадзян і экстранныя службы знянацку, Беларусь разгарнула маштабную лічбавую абарону. Так, галоўны тэхналагічны прарыў гэтай восені здарыўся і ў нашым раённым цэнтры.

На гэтым тыдні ў Шуміліне афіцыйна пачала работу найноўшая аўтаматычная метэаралагічная станцыя. Яна літаральна штосекундна сканіруе неба і адчувае кожны параметр: ад хуткасці ветру і атмасфернага ціску да вільготнасці і дакладнага аб’ёму ападкаў.
Адкрыццё новага аб’екта адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы. Першымі ўбачыць сучасную станцыю сабраліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, актывісты грамадскага аб’яднання «Эка-БУМ», моладзь. Кульмінацыйным момантам цырымоніі стала сімвалічнае пераразанне чырвонай стужкі, якое дало афіцыйны старт работы метэааб’екта. Пад дружныя апладысменты прысутных гэтую ганаровыя місію выканалі намеснік старшыні райвыканкама Максім Русецкі і начальнік філіяла «Віцебскаблгідрамет» Андрэй Макееў.
«Запуск такой метэастанцыі – важны этап для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і ўсёй краіны. Аўтаматычная станцыя павысіць якасць прагнозу надвор’я і яго дэталізацыю, а таксама павялічыць хуткасць папярэджання пра небяспечныя і неспрыяльныя з’явы», – адзначыў Андрэй Макееў. У сваю чаргу Максім Русецкі падкрэсліў: «Метэаралогія – гэта навука, якая знаходзіцца на перадавой нашага жыцця. Дадзеныя пра надвор’е выкарыстоўваюцца ў авіяцыі, энергетыцы, выратавальных службах і сельскай гаспадарцы. А сёння, дзякуючы «Белгідрамету», і ў Шумілінскім раёне ёсць магчымасць хутка атрымліваць дакладную інфармацыю пра надвор’е».

Запуск новай метэаралагічнай станцыі ў Шуміліне стаў часткай маштабнай рэспубліканскай праграмы па пашырэнні сеткі высокатэхналагічнага маніторынгу надвор’я. У Беларусі дзейнічае больш за 70 АМС. У Віцебскай вобласці такі кругласутачны дазор ужо вядуць Расоны, у чарзе на наступны год – Лёзна і Глыбокае.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
