
Умовы створаны, патрэбны прарыўныя праекты
Віцебшчына падводзіць вынікі і ставіць новыя задачы
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці за дзевяць месяцаў і арыенціры на бліжэйшую перспектыву сталі галоўнай тэмай пасяджэння аблвыканкама, якое прайшло 28 кастрычніка пад кіраўніцтвам выконваючага абавязкі старшыні аблвыканкама Сяргея Ляўковіча.

У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь-інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч, першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец. Да абмеркавання далучылася і дэлегацыя Шумілінскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам.
Эканоміка захоўвае станоўчую дынаміку
Па словах намесніка старшыні аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, дзевяць месяцаў Віцебская вобласць завяршыла са станоўчымі вынікамі па ключавых напрамках. Забяспечаны рост прамысловай вытворчасці, рознічнага тавараабароту, аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ, інвестыцый у асноўны капітал і знешнегандлёвай дзейнасці. Акрамя таго, па валавым рэгіянальным прадукце вобласць выйшла на ўзровень мінулага года і забяспечыла станоўчую дынаміку росту, адзначыла дакладчык і падкрэсліла, што ёсць усе падставы разлічваць на захаванне станоўчых тэндэнцый і па выніках года, а па шэрагу паказчыкаў рэгіён здольны прадэманстраваць дадатковы рост.
Умовы створаны, патрэбны прарыўныя праекты
Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка адзначыў, што рэгіён валодае неабходнай базай для далейшага развіцця. Паводле яго слоў, станоўчая дынаміка назіраецца ў прыцягненні інвестыцый, будаўніцтве жылля, ёсць зрухі і ў аграпрамысловым комплексе. Аднак канкрэтных сур’ёзных вынікаў рэалізацыі стратэгічнага плана пакуль няма. Сумарны эфект ёсць, але гэтага недастаткова. Патрэбны прарыўныя інвестпраекты.
Рэзервы росту застаюцца
Пра патэнцыял рэгіёна гаварыў і першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец. Паводле яго ацэнкі, вобласць выйшла на станоўчыя паказчыкі па валавым рэгіянальным прадукце, дэманструе добрыя вынікі ў сельскай гаспадарцы, а тэмпы росту зарплаты перавышаюць сярэднія паказчыкі па краіне. Разам з тым галоўным рэзервам развіцця застаецца інвестыцыйная дзейнасць. Неабходна больш актыўна запускаць новыя праекты, развіваць сучасныя канкурэнтаздольныя вытворчасці і максімальна выкарыстоўваць створаныя дзяржавай заканадаўчыя магчымасці для росту эканомікі.
Падводзячы вынікі абмеркавання, удзельнікі пасяджэння сышліся ў адным: Віцебшчына захоўвае станоўчую дынаміку і мае ўсе перадумовы для далейшага развіцця. Цяпер галоўная задача – ператварыць існуючы патэнцыял у канкрэтныя інвестпраекты, новыя вытворчасці ізабяспечыць устойлівы рост дабрабыту жыхароў рэгіёна.
Слова – старшыні райвыканкама Мікалаю БУДНЕВІЧУ:
– Шумілінскі раён завяршыў дзевяць месяцаў года са станоўчымі вынікамі па большасці ключавых накірункаў. Растуць заработная плата, аб’ёмы сельскагаспадарчай вытворчасці, рознічнага гандлю, падрадных работ і экспарт тавараў. Прадпрыемствы раёна таксама працуюць над зніжэннем выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Чакаецца, што да канца года будуць выкананы заданні па ўводу жылля, у тым ліку арэнднага, а таксама забяспечаны рост экспарту турыстычных паслуг. Разам з тым не ўсе паказчыкі складваюцца так, як планавалася. Высокі ўзровень інвестыцый, дасягнуты ў мінулым годзе, ускладняе выкананне цяперашніх планаў па росце ўкладанняў у асноўны капітал. Патрабуе дадатковай увагі і рэнтабельнасць продажаў. Паводле папярэдняй ацэнкі, па выніках года раён зможа выканаць 9 з 14 асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Алена КАРПУШЭНКА.
