Пчалярства – справа не толькі сталых і вопытных людзей. Напрыклад, Аляксандр Кузьмічоў, які трымае пасеку ў Мясаедаве, захапіўся пчалярствам у 24 гады.
А пачалося ўсё ў 2014 годзе, калі блізкі сябар Анатоль Слімянёў зрабіў Аляксандру незвычайны падарунак – прывёз два домікі з пчоламі. Новая справа настолькі прыйшлася мужчыну па душы, што ён практычна адразу вырашыў пашыраць пасеку і самастойна дакупіў яшчэ дзве пчаліныя сям’і. Навучыўся адлоўліваць раі дзікіх прама ў лесе і пераносіў іх у свае вуллі.
Блізкія не проста падтрымалі хобі Аляксандра, а і практычна дапамаглі. Бабуля з дзядулем, бачачы шчырае захапленне ўнука, падарылі медагонку. А бацька змайстраваў дрэваапрацоўчы станок, каб на ім малады пчаляр мог самастойна вырабляць рамкі і вуллі.
Аляксандр Кузьмічоў працуе інжынерам-энергетыкам у Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы, і прафесійныя веды і ўмелыя рукі дапамаглі яму самастойна змайстраваць станок для нацягвання дроту на рамкі, электранавашчавальнік, стол для распячатвання сотаў, ёмістасць для разліву мёду, укладчык сотавых рамак. Дзякуючы тэхнічнай кемлівасці гаспадара побач з вуллямі старога ўзору з’явіліся новыя, 12-рамачныя шматкорпусныя.
Неўзабаве Аляксандр стаў разводзіць пародных пчол – бакфаста і карніка, якія славяцца сваёй міралюбнасцю, устойлівасцю да хвароб і высокай прадукцыйнасцю. У залежнасці ад умоў надвор’я і цвіцення меданосаў адна пчоласям’я здольна нанасіць ад 20 да 80 кілаграмаў духмянага мёду за сезон. Акрамя мёду пасека адорвае праполісам, пылком, воскам.
Для самога ж пчаляра работа на пасецы – найлепшы адпачынак пасля працоўных будняў.
– Вельмі люблю назіраць за пчоламі, люблю непаўторны пах мёду ў паветры на пасецы, асабліва ў вячэрні час, калі пчолы перапрацоўваюць прынесены за дзень нектар. Люблю каштаваць мёд прама з сот, тут жа, на пасецы, – з усмешкай кажа майстар. – З пчоламі трэба сябраваць, іх трэба ўмець чуць і поўнасцю давяраць іх прыроднай мудрасці. Менавіта тады яны адкажуць узаемнасцю і шчодрым ураджаем. Мёд вельмі карысны для здароўя, не дарэмна ж кажуць: пчала гудзе – здароўе нясе.
Сёння, дзякуючы сяброўскай падтрымцы, сямейнай згуртаванасці і працавітасці самога Аляксандра, яго пасека жыве і развіваецца, дорачы карысны і духмяны мёд.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

