Шумілінцы аказаліся на вышыні!
У Магілёве 18-19 мая прайшоў III Міжнародны конкурс “Зоркі Прыдняпроўя”, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у якім бралі ўдзел 502 музыканты з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы.
Сярод навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, музычных каледжаў, першакурснікаў ВНУ – і шасцікласнік Шумілінскай ДШМ Канстанцін Багачоў, вучань А. Д. Ільінец.
Гэта не першы конкурс Канстанціна, але, бадай, самы паспяховы на яго творчым шляху. У намінацыі “народнае інструментальнае выкананне, баян” Канстанцін прадставіў на суд журы два творы: “Спісак Шындлера” Джона Уільямса і “У стылі рэгтайм” Уладзіміра Фаменкі.
Канстанцін стаў лаўрэатам конкурсу другой ступені – за выразнае прафесійнае выкананне журы з 25 магчымых балаў выставіла 22.
Прыемна адзначыць, што ў гэтым жа конкурсе прымалі ўдзел былыя вучні Шумілінскай музычнай школы (выпускнікі 2017 і 2018 гадоў), якія зараз вучацца ў Віцебскім музычным каледжы. Па выніках конкурсу Арцём Кандратовіч (баян) і Кацярына Суворава (вакал) сталі лаўрэатамі 2-й ступені, Вераніка Юрчанка (вакал) і Юлія Шэндзелева (гітара) – лаўрэатамі 3-й ступені.
Так што шумілінская школа падрыхтоўкі талентаў аказалася на вышыні!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.